Пікет адбыўся ў межах агітацыйнай кампаніі каля канцэртнай пляцоўкі на беразе возера Кагальнае. Як бачна па фота, асноўную масу, якая была на пікеце, складалі брсмаўцы і работнікі глыбоцкага райвыканкама на чале з галоўным ідэолагам горада Людмілай Карніловіч і намесніцай старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццянай Тарасевіч (яна, дарэчы, жонка сумнавядомага суддзі Андрэя Тарасевіча, які выносіў і працягвае выносіць палітычна матываваныя прысуды глыбачанам).
Паводле раёнкі, давераныя асобы кандыдата ўручалі мінакам (а на самой справе вышэйпералічаным) інфармацыйныя лісты аб кандыдаце, а сам кандыдат у дэпутаты так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь расказаў жыхарам Глыбоччыны пра сябе і пазнаёміў са сваёй перадвыбарнай праграмай.
Як бачна па фота, пікет быў нешматлікім і жыхароў горада, акрамя чыноўнікаў і брсмаўцаў, не зацікавіў. Бо глыбачане, як і іншыя беларусы, ведаюць, што такое на самой справе ўяўляюць з сябе так званыя выбары ў нашай краіне. Выбары без выбару.
Антон Ігнат