Заканадаўства дазваляе ісці ў дэпутаты, калі грамадзяніну ўжо споўнілася 18 гадоў. Але ў 18 гадоў першасная задача – гэта вучоба і назапашванне досведу ад старэйшых, заявіў спадар Сабыніч. Балатавацца, на яго думку, варта толькі па сканчэнні ВНУ і адпрацаваўшы 5-10 год па сваёй спецыяльнасці. Там не менш, дадаў яго намеснік Віктар Глушын, 8 чалавек ва ўзросце да 31 года сёлета сталі кандыдатамі ў дэпутаты гарсавета. Але і ён падтрымаў свайго непасрэднага кіраўніка, зазначыўшы, што ў моладзі і без дэпутацкай пасады ёсць дзе прыкласці свае сілы і памкненні: прыкладам, у моладзевым парламенце, які ўлады плануюць стварыць пры віцебскім гарсавеце наступнага склікання.
Яшчэ адну арыгінальную думку выказаў Генадзь Сабыніч наконт якасцяў, неабходных для дэпутата. І дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і дэпутаты мясцовых саветаў павінны мець «вялікі досвед працы на месцах», аналітычныя здольнасці, высокі ўзровень адукаванасці , яны мусяць «добра разбірацца ў заканадаўчай базе». Але да дэпутатаў мясцовых саветаў патрабаванні яшчэ больш высокія: яны мусяць мець камунікатыўныя навыкі, праводзіць працу з насельніцтвам і даносіць праблемы людзей да выканаўчай улады. Тады паўстае пытанне: чаму кіраўнікі і чыноўнікі высокага рангу не надта імкнуцца папрацаваць «на месцах», дзе прыдаліся б і іхны досвед, і астатнія карысныя якасці, не запатрабаваныя ў такой істотнай ступені у палаце прадстаўнікоў.
«Важна, каб дэпутатамі сталі людзі, якія разумеюць, як працуе дзяржаўная сістэма», -- падкрэсліў старшыня гарвыканкама.
І прадэманстраваў гэтае разуменне на ўласным прыкладзе: на пытанне, на чые дасягненні ён арыентуецца ў жыцці і працы, Генадзь Сабыніч сказаў, што яму імпануюць асобы Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Палаты прадстаўнікоў, Ганаровага грамадзяніна Віцебска Уладзіміра Андрэйчанкі.
Пётр Ананьеў