15 лютага ў інтэрнэце зʼявілася петыцыя з просьбай правесці праверку ў дачыненні да Валярʼяна Мацкевіча. Зварот будзе накіраваны ў пракуратуру Віцебскай вобласці і аблвыканкам.
Валяр'ян Мацкевіч – старшыня абласнога Савету грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Ад яе ён і быў абраны ў абласную камісію для правядзенню «рэферэндуму». Дзейнае выбарчае заканадаўства забараняе праводзіць агітацыю сябрам выбарчых камісіяў. На гэта і звяртаюць увагу аўтары петыцыі і, спасылаючыся на артыкул 37 Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, даводзяць, што Мацкевіч «пасля абрання яго сябрам Віцебскай абласной выбарчай камісіі па рэферэндуму, публічна даў пазітыўную ацэнку новага праекту Канстытуцыі, вынесенага на рэферэндум».
Словы сябра абласной камісіі ў падтрымку зменаў у Канстытуцыю былі апублікаваныя на сайце абласной газеты «Віцебскія Весці» 29 студзеня.
Аўтары петыцыі просяць «у выпадку ўстанаўлення фактаў парушэння нормаў Выбарчага кодэксу зрабіць захады для спынення паўнамоцтваў названага сябра камісіі».
Петыцыя размешчаная на платформе petitions.by, подпісы збіраюцца да 18 лютага. За першы дзень яе падпісалі больш за 60 чалавек. Сайт платформы заблакаваны Міністэрствам інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Яўген Князеў