Таксама на сайце «Аршанскай газеты» пачалі з’яўляцца кароткія інтэрв’ю ў рубрыцы «Меркаванні», дзе чыноўнікі і кіраўнікі рознага рангу гавораць пра будучы рэферэндум як пра падмурак далейшага развіцця дзяржавы. Так, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Юлія Петрачэнка выказваецца пра важнасць захавання гісторыка-культурнай і духоўнай спадчынай, якую гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. А ветэран баявых дзеянняў у Аўганістане Валянціна Мачкова наўпрост кажа, што лічыць сваім абавязкам прагаласаваць 27 лютага, спадзеючыся, што новыя палажэнні Канстытуцыі будуць садзейнічаць захаванню спакою і стабільнасці.
Для жыхароў рэгіёну ладзяцца і забаўляльныя імпрэзы з агітацыйнымі мэтамі. Прыкладам, у Александрыі, якая месціцца на памежжы Аршанскага і Шклоўскага раёнаў, быў арганізаваны канцэрт спевака Уладзіміра Ухцінскага, вядомага прапагандатара дзяржаўнай ідэалогіі, узнагароджанага медалём Жукава за актыўны ўдзел у канцэртнай дзейнасці па вайсковых частках і за актыўную творчую працу па патрыятычным выхаванні моладзі.
Праводзяцца на Аршаншчыне і больш традыцыйныя мерапрыемствы – такія, як агітацыйныя сустрэчы з кіраўнікамі раёну. Так, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкаму Віктар Калачоў, выступаючы перад педагагічным калектывам адной з аршанскіх школ, заявіў, што Канстытуцыю незалежнай Беларусі, прынятую ў 1994 годзе, «стварылі па заходнім узоры, не ўлічыўшы славянскі менталітэт». І што важнасць прыняцца новага варыянту Канстытуцыі палягае ў тым, што яна «легітымізуе Усебеларускі сход як орган дзяржаўнага кіравання».
Эмілія Протас