У выпадку ўзнікнення рэальных пагрозы жыццю і здароўю ў сяброў камісій, работнікі міліцыі будуць разбірацца і ўстанаўліваць вінаватых асоб, ад якіх гэтыя пагрозы зыходзілі. Пры неабходнасці сілавікі гатовы арганізаваць суправаджэнне членаў камісій ад дома на працу і назад, ажыццяўляць іншыя ахоўныя мерапрыемствы.
З 21 па 28 лютага будуць узяты пад ахову ўсе аб'екты, дзе запланавана правядзенне галасавання. Дэпартаментам аховы гэтыя месцы абсталююць "трывожнымі кнопкамі".
Ці будуць міліцыянеры ўзброены аўтаматычна агнястрэльнай зброяй і як яны яе будуць прымяняць пры ўзнікненні няштатных сітуацый на нарады растлумачана не было.
Намеснік міністра разлічвае на тое, што старшыні і члены камісій будуць пільнымі і неадкладна паведамяць работнікам міліцыі аб падазроных асобах не толькі на ўчастках, але і прылеглых тэрыторыях.
Далей начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Андрэй Любімаў даў ацэнку грамадска-палітычнага становішча ў абласным цэнтры і вобласці ў цэлым.
Аказваецца, што гэтая сітуацыя далёкая ад нормы.
У доказ гэтага ён прывёў факты наяўнасці апазіцыйнай дзейнасці як у сетцы інтэрнэт, так і пра вулічную актыўнасць апанентаў дзейнаму рэжыму ўлады.
З-за таго, што на Віцебшчыне функцыянуюць 12 Telegram-каналаў, прызнаных судом экстрэмісцкімі, то работнікам спецпадраздзяленняў даводзіцца адсочваць і фіксаваць усю перапіску ў іх і выяўляць правапарушальнікаў. Цяпер складзена каля 60 адміністрацыйных пратаколаў, і было выкрыта звыш 560 ананімаў у забароненых чатах.
У 2021 годзе выяўлена 325 незаконных акцый пратэсту, якія праводзіліся ў начны час у месцах, далёкіх ад гарадоў. Большасць з іх апазіцыянеры правялі ў Віцебску, Наваполацку і Полацку.
На заканчэнне нарады намеснік старшыні Віцебскай абласной камісіі па рэферэндуме Вячаслаў Хрол падзякаваў сілавікам за гатоўнасць забяспечыць бяспечную працу камісій, як у абласным цэнтры, так і на перыферыі.
Павел Жукаў