У цяперашнюю абласную камісію ўвайшлі старыя правераныя мінулымі электаральнымі кампаніямі кадры, якія ўмеюць арганізаваць і правесці на тэрыторыі вобласці галасаванне з патрэбным вынікам – пры строгім выкананні выбарчага закону. У адрозненні ад 2020 году ў склад камісіі не ўвайшлі прадстаўнікі партыі БНФ і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
У астатнім сенсацый не адбылося. Старшынём Віцебскай абласной камісіі па «рэферэндуме» аднадушна і безальтэрнатыўна быў абраны начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкаму Дзмітрый Хама. На гэтай палітычна адказнай пасадзе сёмы раз. Варта толькі спадзявацца, што, улічваючы сталы ўзрост сяброў камісіі і чарговую высокую хвалю каронавіруснай інфекцыі, паседжанні будуць праходзіць з выкарыстаннем масачнага рэжыму.
Намеснікам старшыні абралі галоўнага спецыяліста ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі аблвыканкаму Вячаслава Хрола. Пасля дзейснай працы з ідэалагічна дакладным вынікам у складзе выбарчай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах Хрол перасеў з крэсла першага сакратара абласной арганізацыі ГА «БРСМ» у крэсла галоўнага спецыяліста па ідэалогіі аблвыканкаму. Гэтае перамяшчэнне адбылося ў лістападзе 2020 году, адразу ж пасля завяршэння выбараў, і, трэба меркаваць, стала платай за адданасць «секце сведак 80%». Трэба хіба падзякаваць Хролу за тое, што, будучы начальнікам БРСМ, ён выгадаваў у гэтай арганізацыі велізарную колькасць маладых людзей, якія ўвосень 2020 году пад бел-чырвона-белымі сцягамі пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Цяпер за гэта яны «матаюць тэрміны» па калоніях і «хіміях», а «камсамольскі важак» ганебна кінуў свае «зграю» і падаўся «на Поўнач» рабіць кар'еру.
Сакратаром камісіі зноў выбралі Святлану Ільюшчанку, дырэктара Вольгаўскай ясляў-сада – базавай школы. Пра яе вядома толькі тое, што яна валодае «прынцыповай беспрынцыповасцю» ў барацьбе з апанентамі ўлады, і што, як кажуць яе знаёмыя і калегі, з'яўляецца«адкрытай аматаркай «рускага свету».
ІХоць у прэсе пакуль не апублікаваны ўвесь спіс сябраў камісіі, але ўжо ў яе складзе заўважаны галоўны камуніст Віцебскай вобласці дырэктар Віцебскага філіялу Міжнароднага ўніверсітэту «МІПСА» Аляксандр Дзядзінкін, кіраўнік Кастрычніцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Наталля Ляпёшкіна, старшыня Віцебскага абласнога Беларускага саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч ды іншыя.
У працы камісіі ўзяў удзел старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, на якім ляжыць асабістая адказнасць за арганізацыйнае і ідэалагічнае забеспячэнне правядзення ў Віцебскай вобласці так званага «рэферэндуму» з правільным для ўладаў вынікам.
Алег Кунін