Зборшчыкі подпісаў за Сяргея Чэрачня працавалі ад 12.00 – пад трэкі Віктара Цоя. Каб завабіць мінакоў, раздавалі нумары «Белгазеты» зь вялікім інтэрвію «Чэ». Наракалі, што многія віцябляне пакуль што ад іх адмахваюцца: «Але ж гэта толькі пачатак!»
Бліжэй да вечара на пляцоўцы зьявіліся і прыхільнікі «Страны для жизни» Сьвятланы Ціханоўскай.
Доўгай чаргі, як на менскай «Камароўцы», яны не ўтварылі, але да стала з чырвоным тапкам пастаянна падыходзілі людзі.
Подпісы зьбіралі тры сябры ініцыятыўнай групы. Адзін зь іх – Руслан Ахрамчук, на пытаньне, колькі спадзяюцца сабраць подпісаў у Віцебску, жартам (а можа, і не) адказвае: «320 тысяч!»
Руслан Ахрамчук
«Пачатак пакладзены, ужо някепска. Людзі адзін за адным падыходзяць і будуць падыходзіць больш, я ўпэўнены», – сказаў сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.
Руслан паведаміў таксама, што сам блогер Ціханоўскі ладзіць зараз тур па гарадах Беларусі і зьбіраецца бліжэйшым часам наведаць Віцебск. Але калі гэта адбудзецца дакладна – пакуль невядома.
Група «Страна для жизни», якая зьбірае подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, плянуе працаваць у цэнтры гораду штодзень ад 17.00 да 20.00.
Ініцыятыўныя групы іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты (у тым ліку дзейнага прэзыдэнта) сваёй актыўнасьці ў Віцебску пакуль не праявілі. Чакаем.
Зьміцер Міраш, фота аўтара
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!