Але прысутнічаць на судовым паседжаньні ў Менску былыя прэтэндэнты ў кандыдаты не плянуюць.
«У нас няма незалежных судоў, і я ня веру, што Вярхоўны суд стане на мой бок і раптам адменіць рашэньне Ярмошынай. Пры тым што яна груба парушыла мае правы і правы іншых патэнцыйных кандыдатаў», – кажа Уладзімер Кійко.
У ініцыятыўныя групы «кандыдатаў пратэсту» ўваходзілі больш за 500 чалавек з розных гарадоў краіны. Прычынай нерэгістрацыі большасьці груп сталі выяўленыя «выпадковыя» людзі, якіх уключылі ў сьпісы нібыта бяз іх згоды. Высьветлілася гэта нібыта падчас кантрольных тэлефанаваньняў людзям са сьпісаў.
«Пры разглядзе маёй заявы цэнтральная камісія спаслалася на зьвесткі пра тое, што ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты ўключаныя грамадзяне, якія не давалі згоду на ўдзел у ёй і ня ведаюць пра існаваньне такой групы. Пры гэтым ані агульная колькасьць апытаных, ані колькасьць апытаных, якія быццам бы заявілі, што не давалі згоды на ўдзел у ініцыятыўнай групе, камісіяй абвешчана не было», – тлумачыць Уладзімер Кійко.
«Мяркую, што адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў сувязі з апытаньнем некалькіх чалавек, якія не пацьвердзілі свайго намеру ўдзельнічаць у зборы подпісаў у складзе ініцыятыўнай групы, зьяўляецца несувымерным захадам, які істотным чынам абмяжоўвае права на свабодны ўдзел у выбарах астатніх сябраў групы, якіх было больш за 500 чалавек», – абураецца спадар Уладзімер.
У скаргах «кандыдаты пратэсту» просяць «прызнаць пастанову Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў ад 19 траўня 2020 года аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян незаконнай, бо ўшчамляе выбарчыя правы сябраў ініцыятыўнай групы».
Таксама просяць «адмяніць пастанову Цэнтральнай камісіі».
Нагадаем ЦВК не зарэгістравала яшчэ ініцыятыўныя групы віцебскага прадпрымальніка Уладзіміра Правальскага, аршанскага актывіста Аляксандра Школьнікава і навапалачаніна Юрыя Касача.
Уладзімер Бяляўскі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!