Чацвер, 28 Май 2020

Паўла Левінава не ўключылі ў абласную выбарчую камісію. Нават праз суд

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Павал Левінаў на судзе Павал Левінаў на судзе

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што падчас фармаваньня Віцебскай абласной выбарчай камісіі мела месца дыскрымінацыя: старшыня абласнога савету Уладзімер Цярэнцьеў кепска азваўся пра яго, выступаючы перад прысутнымі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

«Слова ўзяў Уладзімер Цярэнцьеў, старшыня аблсавету, і ў гэтыя 6 мінут 40 сэкунд не было сказана аніводнага добрага слова, затое гучалі абразьлівыя выразы, паведамлялася непраўдзівая інфармацыя, і ўсе мае дзелавыя і маральныя якасьці былі аблітыя чорнай фарбай», – тлумачыць Павал Левінаў.

Праваабаронца паспрабаваў абскардзіць рашэньне наконт фармаваньня абласной выбарчай камісіі ў Віцебскім абласным судзе. Але суд у асобе Натальлі Хількевіч ягоную скаргу не задаволіў.

Паводле Левінава, абласны суд не разабраў ягоную скаргу па сутнасьці: у ёй вялося пра дыскрымінацыйны падыход да аднаго з прэтэндэнтаў, а ў пастанове прагучала, што парушэньняў заканадаўства не было і што зацьверджаны склад камісіі адпавядае ўсім адпаведным патрабаваньням.

Летась праваабаронца ўжо меў досьвед працы ў абласной выбарчай камісіі, якая працавала падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў. Сёлета сытуацыя зьмянілася.

«Левінаў для ўладаў рэальна небясьпечны. Ён праваабаронца, які адстойвае правы грамадзянаў, сочыць за выкананьнем закону. І калі раней улады маглі ўключыць яго ў камісію ў якасьці гульні, то цяпер, калі ўлада захісталася, такія элемэнты катэгарычна мусяць быць выключаныя са складу камісіі», – лічыць актывіст Алег Паўлаў, які прысутнічаў на судзе.

Выбарчым заканадаўствам прадугледжаная магчымасьць абскардзіць рашэньне пра фармаваньне камісій праз суд. Але ў Беларусі яшчэ не было такіх выпадкаў, каб суд прызнаў дзеяньні прадстаўнікоў уладаў незаконнымі і каб камісіі былі расфармаваныя і сфармаваныя наноў.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.