Субота, 07 Сакавік 2020

На праймерыз у Віцебску ўпэўненую перамогу атрымаў Павал Севярынец

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У перапоўненай залі віцебскага гатэлю «Лучоса» 7 сакавіка адбыліся выбары адзінага кандыдата ад апазыцыі. Ўпэўненую перамогу ў Віцебску атрымаў лідэр партыі БХД Павал Севярынец. За яго прагаласавалі 66 чалавек.

Усяго ў Віцебску прагаласаваў 101 чалавек. Адзін бюлетэнь быў прызнаны несапраўдным. Павал Севярынец атрымаў 66 галасоў. Мікалай Казлоў і Юрась Губарэвіч атрымалі па 15 галасоў, лідэр БНФ Аляксей Янукевіч задаволіўся 4 галасамі, а яшчэ адна прадстаўніца хрысьціянскіх дэмакратаў Вольга Кавалькова галасоў не набрала.

Сама сустрэча была падзеленая на тры часткі. На пачатку кожны кандыдат выступіў з невялікай прамовай, потым адказаў на пытаньні, толькі пасьля гэтага адбылася працэдура галасаваньня і падлік галасоў.

Кандыдатам задалі больш за 20 пытаньняў на самыя розныя тэмы. Пыталіся і пра магчымую люстрацыю чыноўнікаў і сілавікоў у выпадкі прыходу да ўлады апазыцыі, і пра стаўленьне да разьдзельнага збору сьмецьця, і г.д.

Большая частка выступаў і пытаньняў з залі тычыліся плянаў на будучыя прэзыдэнцкія выбары і стратэгіі, як памяняць уладу. Аляксей Янукевіч заявіў, што ня верыць у тое, што на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах удасца памяняць уладу. А Севярынец заклікаў выходзіць у буйных гарадах на вуліцы з пратэстамі, як толькі Лукашэнка абвесьціць пра свой удзел у выбарах.

Усяго на сустрэчу прыйшло каля 150 чалавек. Стрым сустрэчы вялі некалькі вядомых беларускіх блогераў – «Шэры Кот», Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін ды іншыя.

Пасьля завяршэньня сустрэчы кандыдаты адправіліся ў Наваполацак, дзе ў гэты ж дзень меліся адбыцца наступныя праймэрыз.

Нагадаем, што першыя праймэрыз прайшлі 6 сакавіка ў райцэнтры Гарадок Віцебскай вобласьці, там пераможцам стаў Юрась Губарэвіч – за яго прагаласавалі 4 чалавекі.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.