Галасаваньне па пяці кандыдатурах мусіць адбыцца ў 56 гарадох і мястэчках Беларусі. Праз тыдзень мае запрацаваць інтэрнэт-пляцоўка, на якой пасьля аўтарызацыі зможа прагаласаваць анлайн кожны беларус.
Праймэрыз у Гарадку праходзіў у памяшканьні дзіцячай школы мастацтваў і адбыўся дзякуючы намаганьням апазыцыйнага актывіста Гарадоччыны Леаніда Гаравога. За гэта на самым пачатку імпрэзы яго аддзячыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які выступаў у ролі мадэратара. Сам Леанід Гаравы падкрэсьліў у кароткай прамове, што і левыя, і правыя «мусяць быць адзінымі – аж да тае пары, пакуль не пабудуюць беларускую Беларусь».
Павал Севярынец набраў на адзін голас менш
Пасьведчаньні кандыдатам уручыў выканаўца абавязкаў кіраўніка штаба па абраньні адзінага кандыдата Аляксей Сігаеў.
Як патлумачыў Віталь Рымашэўскі, кандыдаты падпісалі дамову, згодна зь якой пасьля абраньня адзінага ўсе астатнія бяруць на сябе абавязак не вылучацца самастойна, падтрымліваць адзінага кандыдата і працаваць як адна каманда. Віталь Рымашэўскі падкрэсьліў, што мала абраць адзінага – важна адстаяць свой выбар. Ён заклікаў беларусаў браць удзел у выбарчай кампаніі на ўсіх яе этапах.
Выступае Віталь Рымашэўскі
Згодна зь лёсаваньнем, перад прысутнымі па чарзе выступілі сустаршыня БХД Павал Севярынец, старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сябра БХД Вольга Кавалькова. Пасьля выступаў кандыдатам задавалі пытаньні.
Так сталася, але журналістаў, зацікаўленых асобаў і назіральнікаў у залі аказалася больш, чым уласна выбарцаў – жыхароў Гарадоччыны. Непасрэдны ўдзел у галасаваньні наважыліся ўзяць усяго восем чалавек. Юрась Губарэвіч набраў чатыры галасы, Павал Севярынец – тры, Аляксей Янукевіч – адзін голас.
С. Горкі, фота аўтара
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!
Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.