Нядзеля, 03 Лістапад 2019

Аднабокая агітацыя, адсутнасьць галоснасьці і папярэджаньні кандыдатам у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Студэнты на сустрэчы з кандыдатам і рэктарам ВДУ Ягоравым Студэнты на сустрэчы з кандыдатам і рэктарам ВДУ Ягоравым

Агітацыйныя мерапрыемствы праходзяць у Віцебску пры поўным дамінаваньні кандыдатаў, якіх мясцовыя назіральнікі называюць «праўладнымі». Іх жа канкурэнтам выносяць папярэджаньні і ніяк не спрыяюць у арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі. Яшчэ адна тэндэнцыя: актвізаваўся БРСМ…

Нікалайкін – сем сустрэч, Гаўруцікаў – адна…

Паводле паведамленьня афіцыйнага сайту Віцебскага гарвыканкаму, у пэрыяд ад 1 лістапада і да канца выбарчай кампаніі кандыдат у дэпутаты Віктар Нікалайкін (выбарчая акруга №17) зьбіраецца правесьці 4 сустрэчы з выбарцамі, Тацяна Аўтухова (акруга №18) – 6 сустрэч, Сьвятлана Горваль (ВА №19) – 5, Аляксей Ягораў (ВА №20) – 7, Тацяна Красакова (ВА №20) – 9. Усе гэтыя кандыдаты маюць магчымасьць сустракацца з выбарцамі ў вялікіх памяшканьнях дзяржаўных арганізацый і ўстановаў. Ім адкрытыя аўдыторыі школ, ліцэяў, вучэльняў і ўнівэрсытэтаў. Адказныя за ідэалёгію забясьпечваюць яўку электарату на сустрэчы.

Між тым, адзіны апазыцыянэр, вылучэнец ад Партыі БНФ Аляксей Гаўруцікаў мае магчымасьць правесьці толькі адну сустрэчу.

Назіральніка не пускаюць на запіс тэледэбатаў

Ад 4 лістапада тэлерадыёкампанія «Віцебск» пачынае запіс тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты беларускага парлямэнту. Гэты запіс будзе вырабляцца закрыта і негалосна.

Назіральнік Леанід Сьвецік папрасіў аб дазволе прысутнічаць на запісе тэледэбатаў, але дзейная дэпутатка Савету Рэспублікі НС РБ і адначасна кіраўнічка тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Алена Панцюхова не дазволіла яму рэалізаваць правы назіральніка.

На думку Леаніда Сьвеціка, дырэктарка тэлерадыёкампаніі, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, парушае выбарчае заканадаўства. У прыватнасьці, яна ўчыніла правапарушэньне, прадугледжанае артыкулам 9.10 КаАП РБ (парушэньне заканадаўства аб выбарах).

Больш за тое, назіральнік мяркуе, што, абмяжоўваючы адкрытасьць і галоснасьць выбарчага працэсу, дэпутат Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Панцюхова спрабуе ўплываць на пэрсанальны склад дэпутатаў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, што супярэчыць канстытуцыйным прынцыпам падзелу ўладаў.

Актывізаваўся БРСМ

Адметнай асаблівасьцю сёлетняй выбарчай кампаніі стаў актыўны ўдзел у ёй актывістаў БРСМ. Для павышэньня актыўнасьці выбаршчыкаў гэтая арганізацыя пачала праводзіць мерапрыемствы, мэтай якіх ёсьць прыцягненьне людзей на выбарчыя ўчасткі.

Першая такая прайшла ў суботу 26 кастрычніка каля крамы «Эўраопт» у мікрараёне Білева. Тут нашчадкі савецкага камсамолу арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, прывабліваючы мінакоў патрыятычнымі песьнямі. Раздавалі інфармацыйныя матэрыялы пра выбары, запрашалі віцяблян пагуляць у кампутарныя гульні, узяць удзел у забаўных эстафэтах. Падобныя мерапрыемствы БРСМ правёў у Полацку, Лепелі, Воршы, Лёзьне і Вушачах. Кожную суботу, аж да канца выбараў, падобныя мерапрыемствы будуць ладзіцца ў розных раёнах Віцебску.

Іншая ініцыятыва, накіраваная на ўдзел актывістаў БРСМ у выбарах, стартавала ў Віцебску 29 кастрычніка.

У межах адзінага дня па падрыхтоўцы і навучаньні валянтэраў руху БРСМ «Добрае Сэрца» быў праведзены трэнінг. На ім актывісты вучыліся аказваць дапамогу людзям з інваліднасьцю, каб атрыманыя навыкі прымяняць на выбарчых участках у дні датэрміновага галасаваньня і ў дзень выбараў.

Трэба адзначыць, што падобны ўдзел актывістаў БРСМ у выбарчай кампаніі наўпрост парушае выбарчае заканадаўства. Дзейны Выбарчы кодэкс не прадугледжвае працу валянтэраў грамадзкіх аб'яднаньняў на выбарчых участках. А тым больш – правядзеньне агітацыйных кампаній і пікетаваньня з мэтай павышэньня актыўнасьці выбаршчыкаў.

Камісіі папярэдзілі кандыдатаў “Справядлівага сьвету”

Два папярэджаньні атрымалі прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Вольга Каравашкіна (выбарчая акруга №19) і Яўген Інц (№20).

Факт правядзеньня сумеснага, ня ўзгодненага з уладамі пікету даверанымі асобамі кандыдатаў быў зафіксаваны ў рапарце ўчастковага інспэктара міліцыі АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебску С. Качана. У рапарце паведамляецца аб правядзеньні 27 кастрычніка 2019 году на тэрыторыі Чыгуначнага раёну Віцебску каля  ГЦ «Марка-Сіці» пікетаваньня на карысьць кандыдатаў у дэпутаты Вольгі Каравашкінай і Яўгена Інца.

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Алена Шарана, якая прыбыла на месца правядзеньня пікету па выкліку міліцыянта, забараніла правядзеньне пікетаваньня.

У выніку акруговыя камісіі вырашылі, што сваімі дзеяньнямі кандыдаты ў дэпутаты Каравашкіна і Інц парушылі парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў у мэтах ажыцьцяўленьня перадвыбарчай агітацыі і вынесьлі ім папярэджаньні. Кандыдатаў папярэдзілі, што ў выпадку паўторнага парушэньня яны могуць быць зьнятыя з выбарчай гонкі і ім давядзецца кампэнсаваць дзяржаўныя выдаткі на выраб перадвыбарчай друкаванай прадукцыі агітацыйнага характару.

Лявон Яфрэменка, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.