Гэтак, у Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17 з 6-ці прэтэндэнтаў засталося 5, у Віцебскай-Чкалаўскай №18 засталося 6 (было 8), у Віцебскай-Чыгуначнай – 6 (было 7), а ў Віцебскай-Кастрычніцкай – усяго 4 (зь 7-мі).
Віцебская абласная выбарчая камісія аднавіла ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты начальніка сэктару кадравай і прававой працы філіялу “Ваенсэрвіс” Юрыя Мельнікава. Ён здолеў даказаць камісіі правільнасьць дадзеных аб сваёй маёмасьці і малазначнасьць зробленых памылак у падпісных лістах.
Прычыны ж нерэгістрацыі былі тыповыя: няправільныя дадзеныя аб прыбытках і маёмасьці ў пададзеных дэклярацыях, неакуратна і няякасна праведзены збор подпісаў сябрамі ініцыятыўных груп.
Падчас паседжаньня абласной камісіі
Па асабістай заяве адмовіліся ад рэгістрацыі дырэктар гімназіі №2 Канстанцін Кісялёў, вылучаны працоўным калектывам (выбарчая акруга №19), і дырэктар прадпрыемства “ВітНам” Віталь Фамін (акруга №20), які вылучаўся ад ЛДП.
Правам стварэньня выбарчых фондаў скарысталіся 13 з 21 зарэгістраваных кандыдатаў. Астатнія восем кандыдатаў ня выказалі жаданьне зьбіраць грашовыя сродкі для правядзеньня агітацыйнай кампаніі. Тыя ж самыя 13 кандыдатаў правялі рэгістрацыю давераных асобаў.
Акруговыя камісіі зацьвердзілі тэкст агульных плякатаў зь біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты. Для 20-ці кандыдатаў гэты тэкст будзе выдрукаваны на рускай мове і толькі для аднаго – па-беларуску.
Зь 15-ці зарэгістраваных у краіне партыяў сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў па Віцебскай вобласьці вылучылі толькі дзьве – партыя БНФ (аднаго сябра ў Віцебскую абласную выбарчую камісію) і КПБ (двух сябраў у акруговыя камісіі і 19 – ва ўчастковыя).
Грамадзкія арганізацыі выявілі куды большую актыўнасьць у вылучэньні назіральнікаў. Ад дзесяці найбольш буйных арганізацый у камісіі ўсіх узроўняў вылучаныя больш за 1200 сябраў, траціна зь іх – актывісты прафсаюзных арганізацый.
Леанід Сьвецік, назіральнік