На судзе інтарэсы Віцебскай абласной камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў адстойвалі старшыня камісіі Дзьмітрый Хама і яго намесьнік Генадзь Філіпенка.
Натальля Шарыпа заявіла хадайніцтва аб удзеле ў справе сябра БХК Паўла Левінава. Судзьдзя Марына Вострыкава хадайніцтва задаволіла.
Камісія: 69 подпісаў – несапраўдныя
Паводле акруговай камісіі, падставай для адмовы ў рэгістрацыі Натальлі Шарыпы кандыдаткай у дэпутаты стала прызнаньне несапраўднымі 21,5% подпісаў, выбраных для праверкі. Каб праверыць, бралі 200 подпісаў зь няцотных падпісных аркушаў. Праверка нібыта паказала, што 5 подпісаў пакінулі асобы, якія не валодаюць выбарчым правам, па 9-ці подпісах дадзеныя не адпавядалі сапраўднасьці, у 15 выпадках выбарнікі пазначылі дату не сваёй рукой, а яшчэ 16 подпісаў нібыта сабраныя асобай, якая не была сябрам ініцыятыўнай групы.
Калі аказалася, што больш за 15% подпісаў прызнаныя няпэўнымі, камісія, як таго патрабуе Выбарчы кодэкс, прызначыла дадатковую праверку. У выніку знайшлі яшчэ 29 несапраўдных подпісаў, ці 19% ад колькасьці правераных.
Віцебская абласная камісія падлічыла, што, паводле праверак, несапраўднымі прызнаныя 69 подпісаў.
Шарыпа: Другой праверкі магло б і ня быць…
Натальля Шарыпа зазначыла на судзе, што выбарцы давалі пашпартныя дадзеныя па добрай волі, і яна ня можа зразумець, чаму некалькі грамадзянаў адмовіліся ад сваіх подпісаў падчас праверкі. Паведаміла, што з 43-х подпісаў, прызнаных несапраўднымі падчас першай праверкі, 16 подпісаў стаялі на аркушы, які быў не аформлены належным чынам (адсутнічала прозьвішча сябра ініцыятыўнай групы) – але ж гэта чыста тэхнічная памылка.
“Калі іх адмінусаваць, то атрымліваецца дастатковая колькасьць подпісаў, неабходных для рэгістрацыі. Дык і другая праверка не была б тады патрэбная”, – зазначыла Натальля Шарыпа.
Патлумачыла і пра 14 подпісаў, пастаўленых асобамі без грамадзянства. Паводле Натальлі, гэта ў асноўным грамадзяне Расеі, якія пераконвалі сябраў ініцыятыўнай групы, што заўсёды бяруць удзел у выбарчых кампаніях, бо маюць від на жыхарства.
Шарыпа лічыць, што ўсе аркушы з фармальнымі хібамі апынуліся ў першых 25 лістах, прызначаных для праверкі, зусім невыпадкова. Ані яна, ані назіральнікі ня мелі магчымасьці бачыць нумарацыю аркушаў, таму не выключае, што перад праверкай гэтыя аркушы былі выбраныя адмыслова.
Левінаў: Ужываюцца двайныя стандарты
На судзе Дзьмітрый Хама і Генадзь Філіпенка даводзілі, што праверка подпісаў была аб’ектыўнай і законнай і што “сумнявацца ў адваротным няма ніякіх падставаў”.
Між тым, Павал Левінаў зьвярнуў увагу на тое, што суд праігнараваў просьбу скаржніцы выклікаць на судовае паседжаньне ў якасьці сьведкаў усіх асобаў, якія адмовіліся ад сваіх подпісаў. Праваабаронца выказаў таксама сумнеў у праўдзівасьці экспэртызы почыркаў, бо невядома, зь якімі ўзорамі параўноўваліся “падазроныя” подпісы.
Левінаў заявіў, што падчас выбарчай кампаніі ўжываюцца двайныя стандарты.
“Памыляцца можна і Віцебскай абласной камісіі па выбарах, і Віцебскаму абласному камітэту... На жаль, у маёй любімай краіне нельга памыляцца толькі простым грамадзянам. Права на памылку ёсьць толькі ў прадстаўнікоў улады. А калі грамадзянін дае няпоўны адрас у падпісным аркушы – ён ужо несапраўдны”, – сказаў на судзе Павал Левінаў.
“Наша каманда ўсё адно перамагла!”
Выслухаўшы довады бакоў, суд палічыў правамернай адмову акружной камісіяй у рэгістрацыі Натальлі Шарыпы ў якасьці кандыдата ў дэпутаты. Як палічыла судзьдзя Марына Вострыкава, жанчына не падала ў судзе доказаў таго, што праверка подпісаў камісіямі праводзілася з парушэньнем выбарчага заканадаўства.
Ніякіх падставаў для адмены рашэньня Віцебскай абласной выбарчай камісіі суд не знайшоў і ў задавальненьні скаргі заяўніцы адмовіў.
“Добра хоць мяне не абвінавацілі ў махлярстве і падробцы дакумэнтаў! А так – нейкія “левыя” заявы грамадзянаў, якія казалі, што мяне ня бачылі. Але адкуль жа ў мяне іх пашпартныя дадзеныя?.. Нягледзячы ні на што, я перакананая, што наша каманда перамагла! Мы сабралі паўтары тысячы подпісаў выбарцаў, якія гатовыя былі нас падтрымаць! І для нас гэта – самая вялікая перамога, якія б рашэньні суд ні прымаў”, – пракамэнтавала судовае рашэньне Натальля Шарыпа.
С. Горкі