Арганізатары пікету ў Віцебску – актывісты партыі “Народная Грамада”, мелі на мэце праявіць салідарнасьць з беларускімі палітвязьнямі. На стэндах былі разьмешчаныя фотаздымкі Сьвятаслава Барановіча, Ільлі Валавіка, Тараса Аватарава, Міхаіла Жамчужнага, іншых зьняволеных. У тым ліку – актывіста “Народнай Грамады” Сяргея Спарыша, які быў затрыманы ў Менску 18 кастрычніка падчас суду над Зьмітром Паліенкам і асуджаны на 15 сутак арышту.
Пікеты сталі часткай перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі кандыдата ў дэпутаты Уладзімера Арцымана, які балятуецца па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 51.
Пікет наведаў сябра абласнога выбаркаму Павал Левінаў
За паўгадзіны да пачатку акцыі ў Віцебску побач зь месцам правядзеньня (каля піраміды ГЦ “Марка-сіці”) былі заўважаныя чацьвёра мужчын у цывільным, якія вялі відэаздымкі і аб чымсьці перагаворваліся па тэлефоне. Знаходзіліся непадалёк ад пікету аж да самага яго заканчэньня ў 17.00.
Віцябляне падыходзілі да стэндаў, разглядалі фотаздымкі. Адзін зь мінакоў прызнаўся, што асабіста ведае Міхаіла Жамчужнага.
“Так, ведаю. Міхаіл Жамчужны выкладаў у мяне, калі я вучыўся ў тэхналягічным унівэрсытэце. Добры быў выкладчык. Я, калі прачытаў у інтэрнэце, што яго пасадзілі, не паверыў. Зрабілі зь яго ледзь не шпіёна! Трызьненьне нейкае!..” – абураўся малады чалавек.
Прысутнічаў на пікеце і віцебскі праваабаронца, сябра абласной выбарчай камісіі Павал Левінаў.
Ён заявіў, што ў яго, як сябра абласной камісіі, няма ніякіх прэтэнзій да агітацыйнай акцыі. Зазначыў, што ўсё праходзіць у рамках дзейнага заканадаўства. Выбарчы кодэкс дазваляе праводзіць агітацыйныя пікеты ня толькі на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца кандыдат, а па ўсёй Беларусі. Ніякіх абмежаваньняў на гэты конт няма.
Найбольшую цікавасьць у мінакоў выклікалі плякаты з надпісамі “Лукашэнка павінен сысьці!” і “Пакуль ты спаў, Лука Радзіму прадаў!”. Людзі падыходзілі і з усьмешкай на твары фатаграфаваліся на фоне плякатаў.
Уладзімер Бяляўскі