Пікеты ператварыліся ў маленькія мітынгі, удзельнікі адказвалі на пытаньні палачан. Але, як водзіцца, на пачатку да пікетоўцаў падышлі “гарадзкія вар'яты”. Арганізатары пікету называюць іх “прафэсійнымі правакатарамі”, якіх відавочна хтосьці падсылае. Пасьля разборкі зь імі пікеты праходзілі спакойна.
Па Полацкай гарадзкой выбарчай акрузе зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы чатырох прэтэндэнтаў у кандыдаты. Пэнсіянэр Анатоль Пракапенка ідзе на выбары ад “Народнай Грамады – менавіта на яго пікет і прыехаў Статкевіч. Апроч Пракапенкі, па акрузе вылучаецца юрыст Ільля Багданаў, адміністратар Полацкай больніцы Сьвятлана Адзінцова і рамесьніца Нэлі Алфёрава.
Анатоль Пракапенка
“Задача ў нас – аб'яднаць народ, каб у краіне былі выбары, прымусіць уладу зьмяніць гэтую выбарчую сыстэму. Яны проста павінны сысьці, Лукашэнка павінен сысьці!” – кажа Анатоль Пракапенка.
Мікалай Статкевіч на пытаньне, у чым асаблівасьць полацкага рэгіёну, адказвае, што “гэта вельмі энэргічны рэгіён”.
“А там, дзе ў людзей яшчэ засталася ўнутраная энэргія, яна зараз выліваецца ў злосьць, полацкі рэгіён – вельмі злосны на ўладу. Такое яшчэ можна назіраць на Гарадзеншчыне”, – заўважае Мікалай Статкевіч.
Госьць зь Менску Валянцін Троцкі таксама кажа пра асаблівую “полацкую энэргетыку”.
“Тут ажыўленьне людзей перавышае тое, што бачым у іншых населеных пунктах”, – сьцьвярджае Троцкі.
На пікеце, які праходзіў на ажыўленым гарадзкім скрыжаваньні вуліц Скарыны і Гогаля каля Дому гандлю, прысутнічала каля двух дзясяткаў чалавек. На ходніку былі ўсталяваныя гукаўзмацняльная апаратура, стэнды з інфармацыяй пра Анатоля Пракапенку і з лёзунгам “Лукашэнка павінен сысьці!”.
Частка людзей не асьмельвалася падысьці да пікету і назірала за тым, што адбываецца, з другога боку вуліцы.
Аляксандар Марозаў, фота аўтара