На паседжаньні прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і назіральнік ад Рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсінскі камітэт”.
Старшынём Віцебскай абласной камісіі зноў абраны Дзьмітры Хома, а сакратаром – Сьвятлана Ільюшчанка. Камісія вызначылася з рэглямэнтам працы і графікам дзяжурстваў.
Падчас паседжаньня сябра камісіі Павал Левінаў зрабіў некалькі прапановаў, якія тычыліся розных бакоў працы ТВК.
У прыватнасьці, ён прапанаваў усім членам прыняць “Прысягу Віцебскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі” ды зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд наконт неканстытуцыйнасьці ўказу прэзыдэнта аб правядзеньні датэрміновых выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня. Гэтыя прапановы не атрымалі падтрымкі з боку астатніх сябраў камісіі. Яны спаслаліся на тое, што прыняцьце прысягі не прадугледжанае заканадаўствам, а таксама на тое што камісіі не надзеленыя правам ініцыятывы зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд.
Прапанаваны Левінавым тэкст прысягі
А вось заўвага Левінава аб тым, што ў будынку, дзе пачала працаваць Віцебская абласная выбарчая камісія, няма належнай інфраструктуры для людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі, была ўспрынятая членамі камісіі цалкам станоўча. Было вырашана зьвярнуцца ў Віцебскі аблвыканкам з прапановай у тэрміновым парадку вырашыць гэтую сацыяльна значную праблему.
Уладзімер Цярэнцьеў, Дзьмітры Хома (стаіць) і Павал Левінаў (справа) падчас паседжаньня
На арганізацыйным паседжаньні прысутнічаў старшыня Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў, які зычыў камісіі пасьпяховай і плённай працы і выказаў надзею, што сябры камісіі будуць кіравацца толькі нормамі выбарчага закону для разьвязаньня канфліктных сытуацый і спыненьня парушэньняў з боку суб'ектаў выбарчага працэсу.
Леанід Сьвецік, назіральнік