Панядзелак, 02 Верасень 2019

Канстанцін Смолікаў пераабраны кіраўніком абласной арганізацыі БНФ

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Канстанцін Смолікаў Канстанцін Смолікаў

У Віцебску 31 жніўня адбылася абласная справаздачна-выбарная канфэрэнцыя партыі БНФ, удзельнікі якой пераабралі Раду партыі, абралі кіраўніка абласной арганізацыі і вызначыліся з дэлегатамі на зьезд у Менску.

У выніку адкрытага галасаваньня склад абласной Рады быў павялічаны з 9 да 11 чалавек. А кіраўніком Рады і, адпаведна, кіраўніком абласной арганізацыі быў пераабраны Канстанцін Смолікаў, які займаў гэтую пасаду і раней.

Апрача таго, былі выбраныя дэлегаты на зьезд, які мае адбыцца 21 верасьня ў Менску. На ім партыя плянуе вылучыць і зацьвердзіць сваіх кандыдатаў на парлямэнцкія выбары ва ўсіх рэгіёнах краіны. Ад Віцебску такіх кандыдатаў мае быць трое.

Па зацьверджаных правілах, дэлегаты на зьезд абіраліся зыходзячы з квоты 1 дэлегат на 20 сябраў партыі. Па зьвестках Смолікава, на сёньня ў шэрагах партыі на Віцебшчыне налічваецца 141 сябар. Такім чынам, на зьезд у Менску былі абраныя 7 дэлегатаў ад вобласьці.

Смолікаў: Сёлетняя кампанія будзе яшчэ больш сумная

Па словах Канстанціна Смолікава, які таксама плянуе вылучацца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты ў горадзе Віцебску, партыя праз электаральную кампанію мае на мэце “заявіць грамадзянам аб каштоўнасьці незалежнай Беларусі і аб'яднаць людзей вакол гэтай ідэі”. А таксама – прывабіць новых прыхільнікаў.

Для гэтага плянуюць выкарыстаць тыя магчымасьці, якія дае выбарчая кампанія: ладзіць пікеты ў цэнтры гораду, праводзіць сустрэчы з грамадзянамі, распаўсюджваць інфармацыйную прадукцыю.

На думку Смолікава, ня варта чакаць ад цяперашняй электаральнай кампаніі нейкіх сюрпрызаў – выбары пройдуць па адпрацаваным сцэнары і будуць сфальсыфікаваныя дзейнай уладай.

“Ёсьць агульная мадэль паводзінаў уладаў. Яны, у любым выпадку, без папярэдняга ўзгадненьня не прапускаюць нікога, хто знаходзіцца па-за сьпісам праўладных кандыдатаў. І я ня веру, што зьявіцца хтосьці настолькі папулярны і за яго аддадуць настолькі шмат галасоў, што ўлады будуць ня здольныя на фальсыфікацыю. А сытуацыя, калі людзі, абураныя гэтым, выйдуць на вуліцы і будуць пратэставаць, бачыцца мне малаверагоднай. Я думаю, што цяперашняя выбарчая кампанія будзе больш сумная, чым мінулая”, – сказаў пераабраны ў якасьці кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў.

 

Уладзімер Бяляўскі