У кожнай камісіі будуць працаваць па 13 сябраў – гэта максымальная колькасьць, якую дазваляе дзейнае заканадаўства. У склад камісій увайшлі сябры палітычных партый, грамадзкіх аб'яднаньняў, прадстаўнікі працоўных калектываў і групаў выбарцаў.
На жаль, прадстаўнікі палітычных партыяў, якія, па лёгіцы, мусілі быць асноўнымі суб'ектамі палітычнай кампаніі, прадстаўленыя ў камісіях мінімальна. Напрыклад, са 195 сябраў камісій толькі тры чалавекі прадстаўляюць партыю левых “Справядлівы сьвет”, а партыю БНФ – толькі два яе сябры. Па адным сябру ў камісіях будуць мець Аб'яднаная грамадзянская партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
Гэта значыць, што ў выбаркамах будуць працаваць толькі 7 (!) прадстаўнікоў апазыцыйных партый – 3,6% ад агульнай колькасьці членаў камісій. Але калі зважаць, што на парлямэнцкіх выбарах у 2016 годзе ў камісіі трапілі толькі два апазыцыянэры, то ў гэтым – відавочны прагрэс.
Адзначым таксама, што ўпершыню за гісторыю электаральных кампаній магчымасьць папрацаваць у акруговых камісіях атрымалі два прадстаўнікі апазыцыйнага “Руху за Свабоду”. Між тым, тры заяўленыя прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” ў камісіі ўключаныя не былі.
Сапраўднай сэнсацыяй стала ўключэньне ў Віцебскую абласную камісію ў якасьці паўнапраўнага сябра прадстаўніка рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсінскі камітэт” Паўла Левінава.
А вось усе астатнія грамадзкія аб'яднаньні, якія ня маюць да палітыкі нават ускоснага дачыненьня, па волі чыноўнікаў ад аблвыканкаму і аблсавету атрымалі максымальнае прадстаўніцтва ў камісіях. Практычна ўсе кандыдаты ад такіх грамадзкіх аб'яднаньняў, як “Чырвоны Крыж”, БРСМ, “Беларускі саюз жанчын”, “Фонд міру”, вэтэранская арганізацыя ды іншых, былі пакліканыя ўладамі да працы ў выбаркамах.
У цэлым фармаваньне выбарчых камісій прайшло ў штатным рэжыме. У іх складзе апынуліся, за рэдкім выключэньнем, правераныя людзі, якія праз тры месяцы маюць даць уладам патрэбны вынік.
Лявон Яфрэменка