Заронаўская сельская выбарчая камісія прызнала несапраўднымі тры подпісы, сабраныя ініцыятыўнай групай актывісткі. Паводле Алены, пад ціскам правяральшчыкаў два грамадзяніны напісалі заявы, што ў падпісных аркушах стаяць ня іх подпісы. Да трэцяга адмоўніка правяраючыя не прыяжджалі наогул, а вось адмову ад яго імя склалі.
Тым ня менш зараз Алена Янушкоўская – кандыдат у дэпутаты ажно двух саветаў. Наш карэспандэнт сустрэўся зь ёй і задаў некалькі пытаньняў.
Зразумела, што ў цяперашніх няпростых умовах дэмакратычна арыентаванаму кандыдату ў дэпутаты складана змагацца на роўных з вылучэнцамі ад улады. Аднак, мяркую, нашым чытачам цікава будзе пачуць ад Вас, якія ж накірункі дзейнасьці стануць прыярытэтнымі, калі Алена Янушкоўская ўсё ж стане дэпутатам аднаго з саветаў.
Нават ў сёньняшніх неспрыяльных умовах ёсьць сэнс удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Калі мы будзем бязьдзейнічаць, маўчаць і не заяўляць пра сваю актыўную пазыцыю, пра тое, што мы ёсьць, што мы не здаліся, што мы здатныя, то з намі могуць зрабіць, што захочуць. Вядома, ёсьць сэнс!
Ну а калі, уявім, я праб’юся ў дэпутаты, тады мне будзе лягчэй уплываць на вырашэньне праблемаў, што існуюць. Мяркую, ня трэба будзе месяцамі грукацца ў габінэты чыноўнікаў, зносіны зь якімі будзе ўжо часткай маёй працы. Акрамя таго, дэпутацкі статус дазволіць лягчэй аб’ядноўваць людзей і каардынаваць іх дзеяньні. Перакананая, што эфэктыўна працаваць мне дапаможа багаты досьвед грамадзкай дзейнасьці і ранейшыя перамогі.
Прыярытэтнымі накірункамі маёй працы будуць водазабесьпячэньне, дарогі, праца вясковых крамаў, пытаньні культуры, то бок буду мэтанакіравана працаваць над паляпшэньнем умоваў жыцьця грамадзянаў у сельскай мясцовасьці.
Алена, падзяліцеся, калі ласка, з намі сваімі назіраньнямі і ўражаньнямі ад размоваў зь вяскоўцамі, якія Вы набылі падчас збору подпісаў.
Я сама жыву на вёсцы, таму добра ведаю сельскія праблемы. І, як патрыёт, я не магу прайсьці міма. Вёску наўпрост забілі! Вакол – разваліны! Гэта – страшнае злачынства! Народ маўкліва перадаверыў свае паўнамоцтвы несумленным людзям, хаця даўно надышоў час дзейнічаць. Калі народ не навучыцца адстойваць свае правы – зь ім зробяць, што захочуць.
Падчас збору подпісаў я неаднаразова чула выказваньні, што кіраўніку краіны даўно трэба было выйсьці на плошчу, укленчыць перад народам і сьлёзна папрасіць прабачэньня. І мы яго адпусьцім, абы не было тут вайны і галадамору. Так гавораць вяскоўцы. Нядаўна я наведала вёску Заронава і пераканалася, што казаць праўду заронаўцы ўжо не баяцца. У нечым яны нават больш пісьменныя, ніж віцебчукі. Вяскоўцы добра ўсьведамляюць цяперашнюю сытуацыю, яны бачаць, што прыйшоў крах усяму, а ў горадзе гэта так яскрава пакуль не праяўляецца. У сельскай мясцовасьці ў людзей няма ні працы, ні грошай. Дзяржава кінула іх сам-насам з праблемамі, якія сама і стварыла.
Я бачыла, што ў людзях па-ранейшаму сядзіць страх, але ж трываць ужо немагчыма. І людзі пераступаюць праз сваю боязь і пачынаюць гаварыць. У вёсцы шмат неабыякавых людзей. Заронаўцы мне ўдзячныя, што я агучыла экалягічную праблему Заронаўскага возера і падтрымліваюць мяне.
Алена, нават ў выпадку Вашага абраньня ў склад аднаго з саветаў, ня маючы хаўрусьнікаў, амаль немагчыма ўплываць на працу астатніх дэпутатаў. І, тым ня менш, чаму яны змогуць навучыцца ад Вас?
Я рэалістка і ня думаю, што здолею ўплываць на працу дэпутацкага корпусу, але, спадзяюся, змагу паказаць, якім мусіць быць дэпутат. Самае галоўнае – гэта працаваць сумленна. Абяцаць я ня ўмею, гаварыць упустую не люблю, але, калі бачу праблему і ведаю, што змагу яе вырашыць, – буду рабіць. Усьведамляю, што вырашэньне большасьці нашых праблемаў патрабуе шмат часу, але я не прызвычаілася адступаць. Калі бяруся за справу, то абавязкова давяду яе да канца.
Хачу, каб нашы людзі навучыліся аб’ядноўвацца і адстойваць свае правы, бо па адным нас проста перадушаць. Народ знарок падзяляюць: іпэшнікі – ірвачы, дармаеды – асацыяльныя элемэнты, пратэстоўцы – адмарозкі, апазыцыя – пятая калёна... Падзяляй – і пануй, але ж гэтак рабіць нельга. Вы паглядзіце на дыяспары ўсходніх народаў – яны ж заўжды разам! Яны заўжды абараняюць прадстаўнікоў сваёй нацыянальнасьці, нават калі тыя ня ёсьць сваякамі. А ў нас: чалавек чалавеку – воўк! Вось так зрабілі. Гэткая прапаганда ідзе з боку дзяржавы.
Нас падзяляюць, а нам трэба аб’ядноўвацца! Толькі ў згуртаванасьці – наша моц!
С. Горкі