Яўген Вільскі – актывіст партыі «Народная Грамада», колішні жыхар Наваполацка, які быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу. Летам 2024 г. яго завочна прызналі вінаватым у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Прысуд - 12 гадоў пазбаўлення волі і штраф памерам 12 тысяч базавых велічынь. Яго арыштаваную кватэру прадавалі дзеля кампенсацыі гэтага штрафа.
Нерухомасць Вільскага выстаўлялі на аўкцыён тройчы. Упершыню “трохпакаёўку” вымушанага палітэмігранта спрабавалі прадаць з аўкцыёну 13 лістапада мінулага года за 141 710 руб. Потым кошт знізілі: на аўкцыёне 15 снежня яе кошт складаў ужо 113 368 руб. Але ахвотных не было, і рэзультатыўным аказаўся толькі трэці аўкцыён, па ўмовах якога пачатковы кошт жытла складаў ужо 85 026 руб. Але падчас таргоў ён вырас, і пераможца аўкцыёну пад нумарам GC900897FA907196FC ( на сайце пляцоўкі «БелЮрОбеспечение» прозвішчы не называюцца) набыў кватэру актывіста-палітэмігранта за 120 667.09 руб.
Прычым кватэра была прададзена разам з усёй мэбляй і тэхнікай - у пералік маёмасці трапілі нават свяцільнікі, дываны і шторы на вокнах.
На пляцоўцы «БелЮрОбеспечение» працяглы час спрабавалі прадаць маёмасць яшчэ аднаго наваполацкага актывіста, Андрэя Зуева. Aбвесткі пра продаж з аўкцыёну дзвюх доляў у садовым доміку ў СТ «Хімік-1» каля Наваполацка з’явіліся на сайце «БелЮрЗабеспячэння» ў жніўні мінулага году. Адна палова пабудовы належыць актывісту Андрэю Зуеву, другая - ягонай жонцы Таццяне.
Кожная з двух доляў па 15,9 кв.м першапачаткова была выстаўлена на аўкцыён за 2800 рублёў. Але ўсе 5 аўкцыёнаў не адбыліся: ніхто не паквапіўся на лецішча Зуевых, нават калі кожную долю прапаноўвалі набыць за 560 рублёў. Па заканадаўстве, калі першапачатковы кошт зніжаюць 4 разы, але аўкцыёны ўсё адно не адбываюцца, арыштаваную маёмасць або забірае дзяржава, або з яе павінны зняць арышт і вярнуць уласніку.
У 2024 г. Андрэй Зуеў быў завочна асуджаны да 7 з паловай гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і да вялікіх матэрыяльных выплат. Яго прызналі вінаватым паводле 4-х артыкулаў КК РБ, у тым ліку за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні.
Раман Кашавы
Пятніца, 29 Май 2026
Кватэру наваполацкага актывіста Яўгена Вільскага ўсё ж прадалі з аўкцыёну, а лецішча яго земляка Андрэя Зуева -не
Аукцыёны праходзілі на пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне». Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі Беларусі і займаецца ў тым ліку продажам канфіскаванай і арыштаванай маёмасці. Кватэру Яўгена Вільскага прадалі з трэцяга раза, прычым з усёй маёмасцю - ад мэблі да фіранак. Лецішча Андрэя Зуева прадаць не ўдалося нават па мінімальным кошце.
Апублікавана ў
Дзяржава