Увогуле, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў актыўна ўдзельнічаюць у агітацыйных пікетах. Але нягледзячы на падвышэньне градусу палітычнай актыўнасьці, назваць сёлетнія выбары ў мясцовыя саветы вольнымі і дэмакратычнымі язык пакуль не паварочваецца.
Рэакцыя месьцічаў на пікеты досыць стрыманая. Размаўляць зь пікетоўцамі, кандыдатамі ў дэпутаты ці прадстаўнікамі прэсы віцебчукі амаль не наважваюцца. Дзяржаўная прапаганда, абмежаванасьць доступу да свабодных сродкаў інфармацыі і адсутнасьць унутранай патрэбы ў актыўнай грамадзянскай пазыцыі спрычыніліся да агульнай абыякавасьці і няверы: людзі не спадзяюцца, што можна зьмяніць палітычную сытуацыю праз выбары.
Адметай цяперашняга пікету ад шэрагу ранейшых стала тое, што ўпершыню з моманту блякаваньня сайту «Хартыі-97» жыхары Віцебску адкрыта выказалі сваё стаўленьне да гэтай падзеі.
Сваімі ўражаньнямі ад удзелу ў агітацыйных пікетах з нашымі чытачамі падзялілася кандыдатка ў дэпутаты гарсавету Ірына Захарава:
– З моманту пачатку агітацыйнай кампаніі мы праводзім ужо трэці пікет. Абурае прысутнасьць недалёка ад нашых пікетаў невядомых асобаў, якія вядуць за намі непрыхаванае сачэньне. Учора на пікеце нас было чатыры жанчыны, а вось апекаваліся намі ажно пяцёра супрацоўнікаў МУС ці КДБ. Стаяць непадалёк дужыя мужчыны і здымаюць на камэру – робіцца брыдка. Некаторых пільных гараджанаў такая сытуацыя напружвае, бо людзі не жадаюць трапляць у аб’ектыў спэцслужбаў.
Тым ня менш пэўны эфэкт ад нашых пікетаў ёсьць. Сёньня ўвагу мінакоў прыцягваюць невялікія плякаты ў нашых рукох: «Чытаю Хартыю», «Гляджу Белсат», «Так ня будзе». Праяжджаюць у грамадзкім транспарце людзі, праходзяць мінакі, зьвяртаюць увагу, чытаюць, а некаторыя нават падыходзяць і гукаюць: «Жыве Беларусь!”.
Пракамэнтаваць свой удзел у пікеце мы папрасілі і каардынатарку аргкамітэту партыі БХД па Віцебскай вобласьці Тацяну Севярынец. На пікет яна прыйшла з завязанымі вачыма і з ротам, залепленым скочам. Гэткім чынам актывістка выказала сваю нязгоду з абмежаваньнем свабоды слова ў Беларусі. Гаворыць Тацяна Севярынец:
– З-за таго, што іншым чынам мы ня можам выказаць сваю пазыцыю, ад учорашняга дня ўсе нашы пікеты прысьвечаныя стагодзьдзю ўтварэньня БНР. Робіцца гэта дзеля таго, каб людзі памяталі, што 25 сакавіка 2018 году адзначаюцца сотыя ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Сто гадоў таму ўпершыню ў новым часе беларусы абвясьцілі ўсяму сьвету, што ёсьць такая палітычная нацыя, ёсьць такая эўрапейская дзяржава.
Акрамя таго, зараз у абласным судзе праходзіць працэс над сябрам нашай партыі, глыбоцкім журналістам Зьмітром Лупачам, якога вінавацяць у супрацы зь неакрэдытаванымі СМІ.
У межах сёньняшняга пікету кандыдата ў дэпутаты Ірыны Захаравай мы выказваем яе пазыцыю і выступаем у падтрымку свабоды слова. Мы хочам чытаць ня тое, што нам навязваюць, а тое, што мы хочам чытаць, і казаць тое, што лічым патрэбным. Мы супраць таго, каб гвалтам затыкалі рот інтэрнэт-рэсурсам, зь якіх народ можа ведаць праўду пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нядаўна ўлады заблякавалі «Хартыю-97», таму сёньня мы выступаем і супраць абмежаваньня свабоды слова.
Увесь час, пакуль хрысьціянскія дэмакраты агітавалі галасаваць за сваю вылучэнку, з супрацьлеглага боку вуліцы Леніна за дзеяньнямі актывістаў і грамадзянаў назіралі невядомыя асобы ў цывільным.
https://vitebskspring.org/news/vybary/item/2661-na-peradvybarchym-piketse-aktyvisty-bkhd-agitavali-suprats-zakrytstsya-sajtu-khartyya-97#sigProId68ed2eac57
С. Горкі