Цяпер зарэгістраваныя кандыдаты маюць права пачаць свае агітацыйныя кампаніі, якія завершацца напярэдадні галасаваньня, 18 лютага.
Прычыны, якія не дазволілі пяці асобам працягваць удзел у выбарчай гонцы, наступныя.
Адзін з прэтэндэнтаў не пазначыў наяўнасьць ва ўласнасьці грузавога аўтамабіля і матацыклета. Як ён растлумачыў камісіі, аўтамабіль ён даўно прадаў, а матацыклет быў скрадзены больш за 20 гадоў таму. Аднак яго словы не пацьвердзіла даведка з ДАІ, згодна зь якой гэтыя транспартныя сродкі ўсё яшчэ знаходзяцца ў ягоным валоданьні.
У падобнай сытуацыі апынуўся яшчэ адзін грамадзянін, які хацеў схадзіць у дэпутаты. Ён лічыў прададзеным свой участак зямлі ў адным з садовых таварыстваў. Аднак адпаведная дзяржаўная служба дала зьвесткі, што ён далей валодае дачнымі соткамі.
Яшчэ аднаго прэтэндэнта падвяла ініцыятыўная група. Яна не змагла сабраць патрэбныя для рэгістрацыі 75 подпісаў. Здадзеных ёю 53-х подпісаў паводле закону замала, каб стаць кандыдатам у дэпутаты.
Адметнасьць цяперашняй выбарчай кампаніі палягае ў тым, што ў параўнаньні з выбарчай кампаніяй 2014 году палітычныя партыі зноў зьнізілі сваю актыўнасьць.
Лічбы пацьвярджаюць гэтую тэндэнцыю. Толькі 7 партыяў з 14-ці зарэгістраваных скарысталіся правам вылучыць свайго кандыдата ў дэпутаты. Гэта: Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці – 1 кандыдат, Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі – 5, Аб'яднаная грамадзянская партыя – 5, партыя левых «Справядлівы сьвет» – 3, Беларуская патрыятычная партыя – 1, партыя БНФ – 4, Камуністычная партыя Беларусі – 5. Такім чынам, на 40 мандатаў партыі вылучылі толькі 24 сваіх прадстаўнікоў.
Затое адзначыліся актыўнасьцю працоўныя калектывы. Кандыдаты ў дэпутаты гарадзкога Савету дэпутатаў, вылучаныя імі, усе як на падбор – з кіроўнага зьвяна прадпрыемстваў і ўстановаў гораду. Насьцярожвае тое, што сярод вылучэнцаў працоўных калектываў няма рабочых. Бо сярод шараговых працаўнікоў гораду ёсьць плойма годных і адукаваных людзей, якія змаглі б прадстаўляць інтарэсы рабочай клясы ў гарадзкім Савеце дэпутатаў.
Цяпер некалькі словаў пра захаваньне гендэрнага балянсу сярод кандыдатаў. Тут, на жаль, да роўнасьці яшчэ далёка. Толькі 14 кандыдатаў (21%) – жанчыны. Астатнія – 54 (79%) – мужчыны. Адсюль, пагадзіцеся, напрошваецца відавочная выснова – палітычная дзейнасьць у сучасным Віцебску застаецца справай мужчын.
І апошняе. Не выпадае казаць пра наяўнасьць палітычнай канкурэнцыі ў цяперашняй выбарчай кампаніі. Толькі ў палове акругаў зарэгістраваныя па некалькі кандыдатаў у дэпутаты. У астатніх дваццаці акругах з сарака балятуецца толькі адзін кандыдат.
Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»