На прыкладзе Адміністрацыі Кастрычніцкага раёну разгледзім працэдуру фармаваньня ўчастковых выбарчых камісій (УВК), на якіх ляжыць асноўны цяжар арганізацыі галасаваньня і падліку галасоў выбарцаў.
Без абмеркаваньняў і відэаздымкаў
На самым пачатку паседжаньня старшыня Адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі забараніў прысутным зьдзяйсьняць аўдыё-, відэа- і фотаздымкі. Гэтая забарона тычылася і журналістаў. Тым самым працэс фармаваньня камісій быў адразу пазбаўлены адкрытасьці і галоснасьці.
Чальцы выканкаму Адміністрацыі, што прысутнічалі на паседжаньні, адмовіліся ад публічнага абмеркаваньня кожнага кандыдата ў сябры УВК. Матывавалі адмову тым, што ўсе кандыдатуры былі абмеркаваныя напярэдадні ў кулюарах.
Партыйныя актывісты не ўвайшлі ў склады УВК
На паседжаньні было сфармавана 62 ўчастковыя камісіі, у склад якіх увайшло 824 чалавека. Прычым на безальтэрнатыўнай аснове было сфарамавана 38 УВК, што складае 61% ад агульнай колькасьці камісій.
Адзначым, што 28 камісій можна аднесьці да непрацаздольных, бо ў іх будзе працаваць цотная колькасьць сябраў. То бок у спрэчных сытуацыях гэтыя камісіі, падзеленыя пароўну, ня змогуць прыняць рашэньне.
Апазыцыйныя кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (8 чалавек), Рэспубліканскай партыі левых “Справядлівы сьвет” (5 чалавек) і партыі БНФ (1 чалавек), што прэтэндавалі стаць сябрамі УВК, не былі ўключаныя ва ўчастковыя камісіі.
Прычыны іх неўключэньня прадстаўнікі ўлады не патлумачылі.
Таму, прыкладам, паўстае пытаньне, чым кіраваліся чальцы адміністрацыі, калі ў склад УВК №21 уключылі сябру грамадзкай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Алену Гарохаву і не ўключылі ў тую самую камісію прафэсійнага палітыка і неаднаразовага сябру выбаркамаў усіх узроўняў – кіраўніка абласной арганізацыі Рэспубліканскай партыі левых “Справядлівы сьвет” Мікалая Селівашку? Прычым, калі б іх абодвух уключылі ў згаданую камісію, то, паводле дзеючага выбарчага заканадаўства, у ёй заставалася б яшчэ два вакантных месца.
Вынікі фармаваньня УВК засмуцілі незалежных назіральнікаў
Яшчэ пытаньне: дзеля якой жа міфічнай эканоміі бюджэтных сродкаў не былі ўключаныя ў камісіі пазасталыя – усяго 39 чалавек! – кандыдаты, якія хацелі і маглі працаваць у гэтай палітычнай кампаніі. Як той казаў, капейку зьбераглі – рубель згубілі. На мой погляд, варта было б заахвочваць палітычную ініцыятыву грамадзян, а не губіць яе ў самым зародку.
Больш за тое, рашэньне не ўключаць партыйных актывістаў у склады УВК супярэчыць элемэнтарнай лёгіцы. У любой краіне выбары ёсьць легітымным спосабам барацьбы за ўладу, у якой удзельнічаюць спэцыяльна для гэтага і створаныя палітычныя партыі.
І калі партыі выключаюцца з гэтага працэсу, то гэта шкодзіць разьвіцьцю ўсёй палітычнай сыстэмы дзяржавы.
Такім чынам, спосаб і вынікі фармаваньня ўчастковых выбарчых камісій у чарговы раз засмуцілі прадстаўнікоў апазыцыйных партый і незалежных назіральнікаў. У прадстаўнікоў улады была магчымасьць прадэманстраваць грамадзтву жаданьне і імкненьне да правядзеньня адкрытых і галосных выбараў дэпутатаў у мясцовыя прадстаўнічыя органы. Аднак яны ня здолелі і не захацелі гэтай самай магчымасьцю скарыстацца, бо сфармавалі ўчастковыя камісіі па старых, ніяк не дэмакратычных, лякалах.
Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”