Чацвер, 28 Снежань 2017

Бюджэт выбарчай камісіі – дзяржаўная таямніца?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Колькі грошай і на якія расходы выдзяляецца выбарчым камісіям? Такая інфармацыя, на думку незалежных назіральнікаў, павінна публікавацца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі і на афіцыйных сайтах выканаўчых камітэтаў дзеля захаваньня нормы закону пра галоснасьць выбараў. З адпаведнай прапановай выступіў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Сьвецік зь Віцебску.

Нагодай для звароту ў Віцебскую гарадзкую выбарчую камісію паслужыла інфармацыя пра тое, што 8 сьнежня на паседжаньні камісіі быў зацьверджаны яе бюджэт. Прапаноўваючы апублікаваць тэкст бюджэту камісіі ў афіцыйных СМІ і на сайце Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту, праваабаронца спаслаўся на частку 1 артыкулу 13 Выбарчага кодэксу: «Падрыхтоўка і правядзеньне выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў ажыцьцяўляюцца адкрыта і галосна».

Старшыня гарадзкой камісіі Натальля Ляпёшкіна ў адказе назіральніку паведаміла, што Выбарчым кодэксам і Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 15.11.2017 №39 «Аб інфармаваньні грамадзян аб працы па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага скліканьня» інфармаваньне грамадзян праз СМІ альбо афіцыйныя інтэрнэт-сайты дзяржорганаў пра бюджэт выбарчай кампаніі не прадугледжанае. Таксама яна дадала, што назіральнік мае права ўнесьці сваю прапанову ў Цэнтарвыбаркам.

Варта адзначаць, што, адхіліўшы прапанову назіральніка, выбарчая камісія пайшла старым і накатаным шляхам: калі інфармаваньне пра бюджэт выбарчай кампаніі ў пэўным пераліку не пазначанае, то і не павінна ажыцьцяўляцца.

Але праваабаронцы ў гэтым пытаньні апелююць да таго, што дзейнасьць выбарчых камісіяў павінна ажыцьцяўляцца адкрыта і галосна, а празрыстае фінансаваньне ўсіх этапаў выбарчай кампаніі зьяўляецца важным складнікам свабодных і справядлівых выбараў.

elections2018.spring96.org