Субота, 13 Жнівень 2016

Віцебская міліцыя пазакрывала справы на кандыдатаў за сьпевы на пікеце

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паведамленьні пра гэта атрымалі Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч, якіх абвінавачвалі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі 27 ліпеня.

Паводле Кастрычніцкага РАУС, справы супраць актывістаў спынілі «пасьля праведзенай праверкі». Праверку праводзіў участковы інспэктар Сяргей Раманчук на падставе рапарту палкоўніка Ігара Скарыновіча, намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму.

27 ліпеня спадар Скарыновіч назіраў, як Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч віншавалі мінакоў з угодкамі прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі і сьпявалі пад гітару гімн «Магутны Божа». Вядомы бард Георгі Станкевіч выканаў і ўласную песьню «Сьцяг». Усё гэта адбывалася падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэньне Севярынец, Шабуні і Станкевіча кандыдатамі ў дэпутаты.

Тацяну Севярынец і Алену Шабуню апыталі з гэтай нагоды ў пастарунку, Георгі Станкевіч прыехаць у Кастрычніцкі РАУС ня змог. Па выніках размовы з участковым і ўбачаных відэазапісаў зь пікету спадарыня Севярынец напісала скаргу ў абласную ўправу МУС на дзеяньні намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму Ігара Скарыновіча. На яе думку, палкоўнік ня ведае выбарчага заканадаўства, якое не забараняе сьпяваць на пікетах па зборы подпісаў.

Праз тры дні адміністрацыйныя справы супраць актывістаў скасавалі. Дарэчы, усе трое – і Тацяна Севярынец, і Алена Шабуня, і Георгі Станкевіч – былі зарэгістраваныя кандыдатамі па сваіх выбарчых акругах.

svaboda.org