Кандыдатам па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17 не зарэгістравалі прадстаўніка кампаніі “Гавары праўду”, прадпрымальніка Аляксандра Снарава. Абвешчаная прычына – вялікая колькасьць подпісаў, прызнаных несапраўднымі. Зь вялікай колькасьці ахвотных балятавацца па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 (падалі заявы на рэгістрацыю 10 патэнцыйных кандыдатаў) зарэгістравалі толькі 7 чалавек.
Праваабаронца Павал Левінаў, які прысутнічаў на працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў, камэнтуе сітуацыю:
“Атрымліваецца так, што “праходзяць” пераважна “патрэбныя” кандыдатуры. Напрыклад, у прадпрымальніка Снарава знайшлі больш за 26,8% сабраных подпісаў. Ён, як і пераважная колькасьць прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці, прадставіў больш за тысячу подпісаў. А вось спадар Занько, загадчык катэдры мэдычнага ўнівэрсытэту, прадставіў ажно 5 тысяч подпісаў. І, уявіце, там аніводнага працэнту несапраўдных подпісаў не знайшлося! Усё гэта выклікае вялікія сумневы ў аб’ектыўнасьці такіх праверак!”
Зрэшты, для адмовы ў рэгістрацыі былі агучаныя і іншы прычыны. Напрыклад, патэнцыйны кандыдат Уладзімер Кійко, вылучэнец ад партыі БНФ, ня быў зарэгістраваны па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20, бо назва прадпрыемства, дзе ён працуе, не адпавядае назьве ў дзяржаўным рэестры. Яшчэ адзін вылучэнец ад партыі БНФ, аршанец Віталь Паўлаў ня быў зарэгістраваны, бо не пазначыў акцыі прадпрыемства, у якое насамрэч нічога не ўкладваў. Яшчэ ў аднаго аршанца, Ігара Грышанава, прадстаўніка кампаніі “Гавары праўду”, нечакана “знайшоўся” стары аўтамабіль, даўно забыты, і таму не пазначаны ў дакумэнах. Ізноў жа, былі пытаньні і да якасьці сабраных подпісаў.
Цяпер тыя, каго не зарэгістравалі кандыдатамі, абмяркоўваюць з праваабаронцамі магчымасьці аспрэчыць адмовы.