У адпаведнасьці з заканадаўствам аж да 10 верасьня кандыдаты маюць права агітаваць выбаршчыкаў: праводзіць пікеты, разьмяшчаць перадвыбарчую праграму на інфармацыйных стэндах, у сродках масавай інфармацыі.
Як паведамілі ў рэгіянальнай тэлерадыёкампаніі "Віцебск", у Віцебскай вобласьці тэлевыступы кандыдатаў у дэпутаты стартуюць 16 жніўня, у этэры радыё звароты да выбаршчыкаў пачнуць трансьлявацца з 24 жніўня.
У сёлетнюю выбарчую кампанію ўсе кандыдаты ў дэпутаты атрымалі па 15 хвілін дармовага тэле- і радыёэтэру. Гэты час складаецца з 5 хвілінных выступаў на радыё і тэлебачаньні, а таксама 5 хвілін тэледэбатаў. Слоўных двубояў у радыйным фармаце гэтым разам не прадугледжана.
Тэлевізійныя выступы кандыдатаў ад Віцебскай вобласьці будуць трансьлявацца ў этэры тэлеканалу "Беларусь 3" з 19:00 да 20:00 па буднях да 25 жніўня ўключна. Зьвярнуцца да выбарцаў у этэры "Радыё Віцебск" прэтэндэнты на месца ў парлямэнце змогуць раніцай з 7.00 да 8.00 па буднях да 2 верасьня ўключна. "Звароты кандыдатаў будуць гучаць ня ў простым этэры, а ў запісе, якія будуць зробленыя ў нашых студыях. Прычым падчас падрыхтоўкі тэлевізійных вэрсіяў зваротаў ва ўсіх кандыдатаў будзе магчымасьць зьвярнуцца да дапамогі тэлесуфлёра", – адзначылі ў тэлерадыёкампаніі "Віцебск".
Што тычыцца тэледэбатаў, то агітацыя ў гэтым, самым цікавым для выбаршчыкаў фармаце, пачнецца не раней за 26 жніўня і будзе трансьлявацца ў той самы час (з 19:00 да 20:00 па буднях). "Узяць удзел у дэбатах можа кожны з кандыдатаў, але тут ёсьць умова. Тэлевізійная дуэль патрабуе сама меней двух удзельнікаў, і калі толькі адзін кандыдат ад акругі заявіць пра намер скарыстацца з такой магчымасьці агітацыі, а астатнія адмовяцца ад этэрнага часу, дэбаты не адбудуцца. Максымальная колькасьць удзельнікаў абмежаваная колькасьцю прэтэндэнтаў у парлямэнт па канкрэтнай акрузе. У адной перадачы будуць дэбатаваць кандыдаты ад адной і той жа акругі, то бок непасрэдныя канкурэнты", – растлумачылі ў рэгіянальнай тэлерадыёкампаніі.
Алёна Ціханава, belta.by