Аўторак, 09 Ліпень 2019

Зьміцер Грышан: Нягледзячы ні на што, будзем сьвяткаваць пілігрымку ў Полацку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Сьвятар Зьміцер Грышан Сьвятар Зьміцер Грышан

Віцебскія грэка-каталікі адклікалі заяўку на правядзеньне юбілейнай пешай пілігрымкі ў Полацак, бо ўлады выставілі непасільны рахунак за “абслугоўваньне масавага мерапрыемству”. Тым ня менш, сьвяткаваньне 25-й пілігрымкі адбудзецца, запэўнівае адзін з арганізатараў хроснага ходу сьвятар Зьміцер Грышан.

Пешая пілігрымка зь Віцебску ў Полацак, прысьвечаная памяці сьв. Язафата Кунцэвіча і полацкіх пакутнікаў, павінна была пачацца 9 чэрвеня. Улады дазволілі яе правядзеньне, але ў адказе на заяўку ўніятаў спаслаліся на пастанову Савету Міністраў №49 і неабходнасьць заключэньня дамовы на ахову грамадзкага парадку. Міліцыя запрасіла ў вернікаў за аплату сваіх паслугаў каля 3 тысячаў рублёў. Празь немагчымасьць знайсьці такія грошы арганізатары пілігрымкі адклікалі заяўку зь Віцебскага аблвыканкаму.

“Але ў Полацку, нягледзячы ні на што, мы будзем сьвяткаваць 25-ю пілігрымку. Яна памяняла свой фармат, яна перастала быць пешай, але людзі туды дабяруцца”, – кажа пробашч грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску Зьміцер Грышан.

Сьвятар кажа, што было вельмі цяжка патлумачыць абураным вернікам, чаму пілігрымку даводзіцца адмяняць.

“Шчыра кажу, вялікіх намаганьняў каштавала стрымаць гэтае абурэньне і нейкім чынам патлумачыць людзям, на чым стаіць справа. Што гаворка не вядзецца пра змаганьне з рэлігіяй ці з грэка-каталікамі, а гаворка – пра нейкія, на мой погляд, дзіўныя  і цяжка зразумелыя юрыдычныя казусы.

Ну калі мы ня можам заплаціць, то чаму ня можам ісьці без аховы? Можа, дзяржава прывыкла, што грамадзян трэба за руку вадзіць, каб зь імі штосьці ня сталася ці каб яны самі штосьці не нарабілі? Можа, лічыць, што ў нас грамадзяне неадказныя, як дзеці?” – задаецца пытаньнямі сьвятар.

“Будзем шукаць, адкуль падыйсьці да гэтай справы. Бо хадзіць у пілігрымкі – гэта вельмі важная справа. Гэта ня ёсьць нашай прыхамацьцю, у гэтым сутнасьць нашай веры”, – дадае Зьміцер Грышан.

Нагадвае, што ў суботу 13 ліпеня ў сьвятой Сафіі ў Полацку адбудзецца традыцыйны малебен за Беларусь і сьвяточны канцэрт (16.00), а ў нядзелю ў парафіі сьв. Язафата – урачыстая літургія (10.30.).

Зьміцер Міраш