Субота, 08 Чэрвень 2019

“Бо краіна гіне ў наркаце…” Маці-328 маліліся каля муроў віцебскага СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)
Алена Кузьміна і Ала Берналь моляцца каля СІЗА Алена Кузьміна і Ала Берналь моляцца каля СІЗА

Маці асуджаных паводле артыкулу 328 КК (Незаконны абарот наркотыкаў) маліліся сёньня каля муроў СІЗА №2 у Віцебску. Малебен ля турэмных муроў ладзіўся ў межах паломніцкага туру па гарадах Беларусі, у якіх разьмяшчаюцца калёніі і сьледчыя ізалятары.

Як расказала адна з удзельніц малітвы Алена Кузьміна, пілігрымка да турмаў ладзіцца сёлета ўпершыню. Маці асуджаных за наркотыкі маліліся ўжо ў Менску, Бабруйску, Гомлі, Магілёве і Шклове. Пасьля Віцебску паломніцы накіруюцца да полацкай калёніі №1, а потым – у “Воўчыя норы” пад Івацэвічы.

Паломніцкі тур “Маці-328” прымеркавалі да сьвята Ўвазьнясеньня Гасподня, якое праваслаўныя вернікі адзначалі 6 чэрвеня. Гэтай малітоўнай акцыяй сваякі асуджаных хочуць прыцягнуць увагу ня толькі вышэйшых сілаў, але і кіраўніцтва краіны напярэдадні галасаваньня ў ПП НС за праект зьменаў у артыкул 328 КК.

“Мы просім у Госпада, каб зьмякчыў сэрцы нашых дэпутатаў і тых людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе, а таксама – за мэдыкаў, пэдагогаў, псыхолягаў, за ўвесь народ, таму што краіна наша і праўда гіне ў наркаце…” – кажа Алена Кузьміна.

Маці-328 сьцьвярджаюць, што на лаве падсудных апынаюцца зараз зусім яшчэ юнакі, а справы на іх папросту фабрыкуюць.

“А потым іх аб’ядноўваюць у арганізаваныя групы, бо куплялі ж з адной інтэрнэт-крамы, і шыюць 4-ю частку артыкулу (да 20 гадоў пазбаўленьня волі - ВВ). Гэтыя інтэрнэт-крамы як квітнелі раней, так і квітнеюць. Ніхто іх не зачыняе. Больш за тое, каля 150 такіх крамаў маюць прывязку да сыстэмы АРІП (ЕРИП)”, – распавядае Алена.  

У малітве пад віцебскім ізалятарам узялі ўдзел Ала Берналь зь Менску, чый сын асуджаны на 14 гадоў і адбывае пакараньне ў “Воўчых норах”, а таксама віцебскія актывісткі “Руху маці 328”.

Ала Берналь

Паводле інфармацыі віцяблянкі Натальлі Шарыпы, за сьценамі СІЗА №2 знаходзяцца сёньня як мінімум двое падлеткаў, якіх абвінавачваюць у злачынстве паводле 328-га артыкулу.

Падчас малітвы да жанчын падыходзілі некалькі супрацоўнікаў СІЗА ў форме і даволі тактоўна прасілі паломніц адысьці на некалькі крокаў ад сьцяны. Папярэдзілі таксама журналістаў, што здымаць мур СІЗА зблізку нельга.

Маці асуджаных кажуць, што пра віцебскі СІЗА ідзе дурная слава

Зьміцер Міраш, фота аўтара  

Залагініцца каб дадаць камэнтары