Чацвер, 11 Ліпень 2019

Вячаслаў Сіўчык у Віцебску: Дзейнасьць РПЦ у Беларусі не зусім законная і кананічная

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Вячаслаў Сіўчык (зьлева) у Віцебску Вячаслаў Сіўчык (зьлева) у Віцебску

Прадстаўнікі Руху салідарнасьці “Разам” Вячаслаў Сіўчык і Алена Талстая пабывалі ў Віцебску і запрасілі мясцовых актывістаў узяць удзел у форуме “Беларуская інтэлігенцыя ў падтрымку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы”, які адбудзецца 17-18 жніўня ва ўкраінскім Чарнігаве.

Актывісты руху маюць на мэце стварэньне ў Беларусі афіцыйна зарэгістраванай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, цалкам незалежнай ад Маскоўскага патрыярхату. Акурат пра гэта будзе весьціся на канфэрэнцыі ў Чарнігаве. Форум будзе мець навукова-асьветніцкі характар, у яго межах будуць прэзэнтаваныя навуковыя даклады на тэму праваслаўя і беларускай аўтакефаліі.

Хоць да падзеі яшчэ больш за месяц, арганізатары канфэрэнцыі робяць прамацыйнае турнэ па ўсіх буйных гарадах Беларусі. Кіраўнікі руху “Разам” зладзілі ўжо падобныя сустрэчы ў Воршы і Полацку.

“Мы запрашаем людзей, якіх цікавіць гэтая тэма і якія б змаглі ўзяць удзел у працы канфэрэнцыі, выступілі б з дакладам”, – кажа Алена Талстая.

Падчас сустрэчы ў Віцебску

Арганізатары спадзяюцца, што пасьля канфэрэнцыі яе ўдзельнікі будуць ствараць  на месцах структуры аўтакефальнай царквы. Для найбольш зацікаўленых прадугледжваецца навучаньне.

“Пасьля таго, як адбыліся падзеі ва Ўкраіне, маю на ўвазе атрыманьне Томасу аб аўтакефаліі, стала зразумела, што дзейнасьць РПЦ на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі не зусім законная і не зусім кананічная”, – сьцьвярджае Вячаслаў Сіўчык.

На ягоную думку, трэба спрабаваць зьмяняць сытуацыю.

“Спробы стварэньня і аднаўленьня Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы рабіліся не аднойчы. Але зараз гэта ня толькі тэарэтычныя размовы. Адно што трэба ўлічваць, дык гэта такую жудасную рэч, што РПЦ ва Ўкраіне стала фактычна тылавым аддзелам для ўсіх баявікоў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны”, – кажа ён.

На сустрэчы, якая ладзілася 10 ліпеня ў “Эўрапейскім клюбе” ў Віцебску, прысутнічала некалькі дзясяткаў чалавек – прадстаўнікоў розных рэлігійных канфэсій і палітычных поглядаў.

Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара