У сваёй прамове біскуп Алег Буткевіч выказаў шмат цёплых словаў на адрас ксяндза Паўла Кунурэка, які крыху больш за год адслужыў у Віцебску ў якасьці пробашча парафіі Езуса Міласэрнага. Дзякаваў за дбайнае служэньне і зычыў Божага блаславенства ў будучай працы.
Спрабуючы патлумачыць сытуацыю, якая склалася зь неатрыманьнем дазволу на далейшае служэньне ксяндза Кнурэка ў Беларусі, біскуп сказаў:
“Ня ведаю, што адбываецца. Напэўна можна сказаць адно, гледзячы на гэтую сытуацыю. Шчыры жаль, але камунізм у нас яшчэ ня скончыўся, бо дагэтуль сьвятарам не даюць магчымасьці працаваць на карысьць Бога, на карысьць краіны. Штосьці нядобрае адбываецца…”
Пасьля гэтых словаў у касьцёле прагучалі аплядысмэнты.
Кнурэк: Чорт ня хоча, каб парафія разьвівалася
Гісторыя парафіі Езуса Міласэрнага вядзе адлік ад 2000 году. За гэты час у ёй мяняецца ўжо 13-ты пробашч.
“І вось ужо трынаццаты пайшоў у расход. Добра, што не 37-ы… Відаць, чорт вельмі ня хоча, каб парафія разьвіваліся…” – з уласьцівай яму іроніяй выказаўся ў казаньні падчас імшы сам ксёндз Кнурэк.
Тое, што беларускія ўлады не працягнулі яму дазвол на служэньне ў Беларусі, сьвятар назваў несправядлівасьцю і крыўдай. Але, зьвяртаючыся да вернікаў, сказаў, што сытуацыю гэтую трэба перажыць па-хрысьціянску – так, каб яна не спрычынілася да новых несправядлівасьцяў. Перажыць з Езусам у сэрцы.
Ксёндз Павал Кнурэк
“Я зьяжджаю, але касьцёл застаецца, Езус застаецца, туліцеся да яго!” – сказаў на разьвітаньне ксёндз Павал Кнурэк. Папрасіў таксама прабачэньня ва ўсіх, каго мог мімаволі пакрыўдзіць.
Вернікі з Лынтупаў: Дзякуючы вам, мы пачалі размаўляць па-беларуску
“Вы дапамаглі нам выхаваць нашых дзяцей і прывесьці іх да Бога. І дзякуючы вам мы пачалі размаўляць па-беларуску. Вы застаняцеся ў нашых сэрцах, мы вас любім”, – зьвярталіся да былога свайго былога пробашча вернікі з Лынтупаў, якія адмыслова прыехалі ў Віцебск, каб удзельнічаць у разьвітальнай імшы.
У сваю чаргу віцебскія парафіяне казалі, што застаюцца сіротамі.
“Парафія – гэта сям’я, а пробашч парафіі – гэта айцец, бацька. Калі сям’я губляе бацьку, яна становіцца праблемнай, а дзеці – сіротамі. Ну вось, будзем чакаць, пакуль хто прыедзе нас усынавіць. Але ведайце, што будзем заўсёды памятаць пра вас у сваіх малітвах. І дзьверы нашай парафіі будуць заўсёды адчыненыя для новых сустрэч з вамі”, – казалі віцебскія вернікі.
Імша ў катэдральным касьцёле Віцебску скончылася беларускім гімнам “Магутны Божа”.
Айцец Павал з парафіянамі
Ксёндз Павал Кнурэк атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне 23 гады таму, 18 зь якіх праслужыў у Беларусі. Пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску стаў у чэрвені 2017 году, да гэтага ўзначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён). У лістападзе 2018 году ўлады не працягнулі яму дазвол на служэньне ў Беларусі. Звароты вернікаў да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў і ў Адміністрацыю прэзыдэнта з просьбамі перагледзець рашэньне вынікаў ня далі.
На якіх падставах і зь якой прычыны ўлады Беларусі выгналі з краіны паважанага і любімага вернікамі сьвятара, чытайце ў нашым вялікім інтэрвію з ксяндзом Паўлам Кнурэкам, якое зьявіцца на сайце “Віцебскай вясны” крыху пазьней.
Зьміцер Міраш