Начальнік галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзянаў Рыгор Шлык запэўніў, што ў Адміністрацыі прэзыдэнта зварот вернікаў быў уважліва разгледжаны. Паведаміў, што, згодна з беларускім заканадаўствам, Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў “не абавязаны раскрываць прычыну сваіх рашэньняў”.
“Мяркуем, што пры прыняцьці рашэньня Упаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў аб непрацягненьні знаходжаньня ў Рэспубліцы Беларусь грамадзяніна Паўла Кнурэка нормы беларускага заканадаўства не парушаныя”, – гаворыцца ў адказе з Адміністрацыі.
Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску кс. Павал Кнурэк, які мае польскае грамадзянства, праслужыў у Віцебску крыху больш за год. У лістападзе 2018 году ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэньне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск сьвятар амаль 17 год узначальваў парафію Сьв. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён).
Спачатку віцебскія каталікі зьвярталіся да Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі, каб зьмяніў рашэньне, але атрымалі адмоўны адказ. Гуляка напісаў, што “падстаў для перагляду прынятага рашэньня ня маецца”.
Тады вернікі напісалі прэзыдэнту. Пад калектыўным зваротам да яго падпісаліся каля 500 чалавек.
“На наш погляд, адбываецца неабгрунтаванае умяшаньне з боку дзяржавы ў справы Касьцёлу. Нам не хацелася б сумнявацца ў прыхільных адносінах Дзяржавы да Каталіцкага касьцёлу, пра якое заўсёды гаворыцца і падкрэсьліваецца. Ці ў гэтых адносінах нешта зьмянілася і каталікі перасталі быць часткай нашага народа?..” – пыталіся ў лісьце вернікі.
Зьміцер Міраш