Віцебскія каталікі зьвярнуліся да Лукашэнкі пасьля таго, як атрымалі адмоўны адказ на свой зварот ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі. Чыноўнік у сваім лісьце не патлумачыў нават прычыны адмовы.
“Мы разумеем, што, згодна з заканадаўствам, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў мае права не паведамляць аб прычыне адмовы, але гэта не зусім сумленна ні ў дачыненьні да нас, грамадзян гэтай краіны, ні ў дачыненьні да сьвятара, які амаль 20 гадоў прысьвяціў служэньню на карысьць нашай дзяржавы і быў гатовы працягнуць гэтае служэньне. Калі такая прычына існуе, дык чаму пра яе нельга ведаць тым, хто ў гэтым зацікаўлены. Бо на дварэ ўжо ХХI стагодзьдзе, і жывем мы ў дэмакратычнай дзяржаве”, – гаворыцца ў звароце да прэзыдэнта.
Вернікі таксама выказваюць здагадку аб прадузятым стаўленьні да пробашча віцебскай катэдры Паўла Кнурэка з боку апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. “І гэта тады, калі пытаньні выхаваньня дзяцей і моладзі ў краіне стаяць вельмі востра”, – пішуць каталікі
“Уся дзейнасьць айца Паўла Кнурэка была накіраваная на служэньне людзям, на аказаньне дапамогі бедным, на падтрымку тых, хто трапіў у алькагольную залежнасьць, на працу з моладзьдзю. Для ўсіх парафіян ён быў ня толькі сьвятаром, але найперш добрым клапатлівым айцом, які заўсёды выслухае і дапаможа парадай, не пакіне чалавека сам-насам з праблемамі”, – гаворыцца ў лісьце.
“Ці каталікі перасталі быць часткай народа?..”
“З улікам вышэйзгаданага рашэньне сьвецкай улады аб забароне рэлігійнай дзейнасьці айцу Паўлу Кнурэку выклікае неразуменьне і справядлівае абурэньне.
На наш погляд, адбываецца неабгрунтаванае умяшаньне з боку дзяржавы ў справы Касьцёлу. Нам не хацелася б сумнявацца ў прыхільных адносінах Дзяржавы да Каталіцкага касьцёлу, пра якое заўсёды гаворыцца і падкрэсьліваецца. Ці ў гэтых адносінах нешта зьмянілася і каталікі перасталі быць часткай нашага народа?..” – запытваюцца вернікі.
Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Павал Кнурэк, які мае польскае грамадзянства, праслужыў у Віцебску крыху больш за год. У лістападзе 2018 году ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэньне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск сьвятар амаль 17 год узначальваў парафію Сьв. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён). За гэты час арганізаваў у Лынтупах “Сьвятліцу” – дом для дзённага знаходжаньня дзяцей з праблемных сем’яў, штогод ладзіў дзіцячы летнік “Канікулы з Богам”, а таксама адпраўляў дзяцей зь бедных сем’яў на аздараўленьне ў польскія санаторыі. Апроч таго, адкрыў у Лынтупах аддзяленьне дабрачыннага фонду Caritas.
У Віцебску намаганьнямі пробашча была адрамантаваная вежа касьцёлу Езуса Міласэрнага, адрамантаваны і адкрыты пакой для малітвы ў Віцебскай абласной лякарні, дзе пацыенты маглі сустрэцца са сьвятаром тры разы на тыдзень.
Вернікі просяць Лукашэнку паспрыяць у вырашэньні пытаньня аб працягненьні дазволу на служэньне ў Беларусі ксяндза Паўла Кнурэка.
“Мы верым у тое, што Вы не застаняцеся абыякавым да нашай патрэбы і што дзякуючы Вашай дапамозе айцец Павал Кнурэк зможа зноў працягнуць служэньне ў парафіі Езуса Міласэрнага ў горадзе Віцебску”, – выказваюць спадзяваньні каталікі.
Пад лістом да Лукашэнкі падпісаліся 465 чалавек.
Зьміцер Міраш