Панядзелак, 02 Верасень 2024

У сацсетках «Аршанскай газеты» зноў пішуць пра Ігара Казмерчака. І зноў хлусню

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сацсеткі аршанскай раённай газеты ў «ВКонтакте» і ў «Одноклассниках» паўтарылі свой мінулы досвед. Месяц таму там пісалі пра тое, што рэсурсы orsha.eu унеслі ў спіс «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» , а зараз – пра тое, МУС прызнаў іх «экстрэмісцкім фармаваннем». Апрача гэтага, і ў першым, і ў другім выпадку пасты змяшчаюць ілжывая і паклёпніцкія звесткі пра заснавальніка orsha.eu Ігара Казмерчака. 

«Мінулым разам выдумалі, што я нібыта атрымаў 5 тысяч еўра ад «польскіх гаспадароў» і што я «падстаўляю» сваіх землякоў, прапануючы ім перадаваць інфармацыю для сайта orsha.eu за грошы. Цяпер мне прыпісалі ўжо 40 тысяч еўра, нібыта атрыманыя мною «на дэмакратычныя перамены». І нібыта за гэтыя грошы я набыў новую кватэру ў Оршы. Не ведаю, на каго разлічана гэткая хлусня. Укладаць сродкі ў нерухомасць зараз, калі яна таннее на вачох, няма ніякага сэнсу. Усе мясцовыя жыхары добра ведаюць: жытла ў горадзе будуецца шмат, і вялікага попыту на яго няма, бо насельніцтва Оршы штогод скарачаецца. Гэта калі разважаць сур'ёзна. Толькі сур'ёзна не атрымліваецца: што ўзяць з аўтараў гэтай лухты, калі яны выдумляюць лічбы з галавы, мяркуючы такім чынам неяк прынізіць мяне ў вачах аршанцаў», - кажа Казмярчак.

На думку журналіста і праваабаронцы, мясцовыя прапагандысты разам з сілавікамі прыдумалі нейкі план па контрпрапагандзе, каб адвадзіць чытачоў ад orsha.eu – папулярнага мясцовага партала. Але рэалізуюць гэты план без асаблівай фантазіі свстарэлымі, вядомымі яшчэ з савецкіх часоў метадамі  - аповедамі пра ўяўны дабрабыт, дасягнуты незаконным шляхам. Адсюль і выдумкі то пра 5, то пра 40 тысяч еўра.

Апрача дыскрэдытацыйных звестак, у сацсетках «Аршанскай газеты» выкарыстоўваюць непрыхаванае запалохванне. У апошнім выпадку – крымінальнай адказнасцю за перадачу інфармацыі «экстрэмісцкаму фармаванню». На думку Ігара Казмерчака, аршанскія ўлады ніяк не могуць змірыцца з тым, што У Оршы сайт і іншыя рэсурсы orsha.eu не спынілі працу пасля ад'езду рэдактара за мяжу ў 2021 годзе. І што яго асабіста не ўтрымлівае ад журналісцкай і праваабарончай дзейнасці ні вышук, абвешчаны на тэрыторыі Беларусі і Расіі, ні распачатая супраць яго спецвытворчасць паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), і чч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Міхаліна Гатоўская