Каментуючы прачытанае, Ігар Казмярчак дзівіцца непрафесійнаму падыходу «калегаў» з дзяржаўнага СМІ:
«Звычайна журналіст бярэ нейкі факт і раскручвае з яго цэлую гісторыю. Тут жа фактаў увогуле няма – усё чыстая, дыстыляваная хлусня. Я не ўцёк у Польшчу, ніколі не прапаноўваў грошы за інфармацыю, не маю пазыкаў перад сябрамі ці родзічамі, і ўжо дакладна не атрымліваў 5 тысяч еўра «на псеўдапраекты». Калі ўчора ўбачыў гэтую лічбу, то задумаўся, адкуль яна магля ўзяцца. І выснова толькі адна: мабыць, для аўтара тэкста гэта нейкае асабістае вымярэнне дабрабыту. Застаецца канстатаваць толькі адно – да чаго давялі аршанцаў, калі такая сума мусіць адлюстроўваць уяўнае мае багацце, вартае асуджэння і зайздрасці».
Апрача дыскрэдытацыйных звестак, у допісах утрымліваецца і непрыхаванае запалохванне. Маўляў, «все, кто будет замечен в контактах с экстремистами, понесут суровое наказание». Што за пакаранне і якія маюцца на ўвазе кантакты – аўтары не ўдакладняюць. Затое сцвярджаецца, што такім чынам адбываецца «циничное разменивание человеческих судеб на пару сотен евро – классическая история для змагаров».
Ігар Казмярчак падкрэслівае, што ніводзін чалавек у Беларусі не пацярпеў за «кантакты» з ім асабіста. А што да партала orsha.eu і ягоных сацыяльных сетак, абвешчаных «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», то ён папярэджвае інтэрнэт-карыстальнікаў, каб тыя былі ўважлівымі, калі знаходзяцца ў Беларусі. Бо гэтыя інтэрнэт- рэсурсы насамрэч прызнаныя «экстрэмісцкімі», і «лайкі» або рэпосты з іх падпадаюць пад дзеянне часткі 2 арт. 19.11 КаАП – адзінае, што ёсць праўдай у паклёпніцкім тэксце.
У Оршы сайт orsha.eu карыстаецца вялікай папулярнасцю, а яго стваральніка і рэдактара ў горадзе ведаюць як даўняга грамадскага актывіста. У родным горадзе Казмярчак не жыве ў 2021 года – ён быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай крымінальнага пераследу.
Сёлета 13 сакавіка Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць супраць журналіста і праваабаронцы. У ягонай справе згадваюцца частка 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), а таксама часткі 1 і 2 арткула 361-4 Крымінальнага кодэкса (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ігар Казмярчак абвешчаны ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Міхаліна Гатоўская