Дарэчы, сам кліп «Чэрці» у «экстрэмісцкія матэрыялы» не залічаны.
«Я напісаў песню яшчэ ў 2015 годзе. Калі пісаў, то згадваў выбары 2010-га і той трэш, які адбываўся пасля іх. Пэўны час песня існавала толькі ў канцэртных акустычных запісах, у пачатку 2020 году, дарэчы, я спяваў яе на Радыё Сталіца ў прамым эфіры. У чэрвені 2020-га мы вырашылі яе запісаць «у электрычнасці», бо «верыць у лёс Беларусі шчаслівы» (радок з песні – аўт.) – на той момант (ды і цяпер) было супервостра і важна. 20 чэрвеня быў рэліз сінгла», – расказаў Ігар Палынскі.
«Але не мог нават падумаць, што яна стане прароцкай, а «чэрці» неўзабаве акажуцца не ў галаве, а на беларускіх вуліцах – у шлемах, з дубінкамі, шчытамі і практычна поўнай адсутнасцю чагосьці чалавечага… На мяжы жніўня і верасня знялі гэты кліп. Здымкі і мантаж зрабілі за суткі, усё з нулявым бюджэтам. Прэм’ера адбылася 29 верасня. Гэта была першая спроба «Sumarok» у відэа. Эксперымент, як мне здаецца цяпер, не самы ўдалы, але тым не меней», – патлумачыў аўтар.
У кліп былі ўключаныя кадры, знятыя падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Здымкі пераважна рабіліся ў Маладзечне – туды Ігар Палынскі пераехаў з Полацку. Разам з калегамі ён здымаў пратэсты 9 і 10 жніўня 2020 году, першыя буйныя шэсці ў Маладзечне, таксама ў кліпе ёсць здымкі з мітынгаў Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала ў Менску і ў Маладзечне, і кадры пратэставых падзеяў у іншых гарадах Беларусі.
«Летам 2021 года, калі быў вымушаны зʼехаць з Беларусі, я пражыў месяц у Кіеве. Там я сустракаўся з многімі беларусамі, і некаторыя казалі, што летам і восенню 2020 году гэтая песня іх натхняла. Для мяне, як аўтара, гэта – самае важнае сведчанне, што ўсё не дарма», – кажа Ігар Палынскі.
Кліп на песню «Чэрці» можна паглядзець на інтэрнэт-сервісе youtube. У артыкуле пра прэм’еру няма нічога асаблівага, што можа падацца «крамолай» – толькі інфармацыя пра здымкі кліпа. І яшчэ словы аўтара: «Я веру, што хутка кожны з нас будзе шчасліва ўсміхацца – у свабоднай, шчаслівай, паспяховай Беларусі. Мы – годныя людзі ў годнай краіне. Памятаеце пра гэта кожнае імгненне».
Галіна Сініца