«Каб адкрыліся вочы ў тых, хто апраўдвае расейскую агрэсію», - кажа Ігар Казмярчак.
Распачынаючы відэаблог, ён расказваў пра аператыўную абстаноўку ў зоне баявых дзеянняў, потым дадаліся практычныя парады: як сабраць «трывожны чамаданчык», як хавацца ад бамбёжкі. Ёсць у відэаблогу і прыватныя разважанні Ігара Казмерчака пра ход і перспектывы вайны ва Украіне.
У апошніх выпусках ён дае слова іншым беларусам, якія былі вымушаныя з’ехаць ва Украіну пад пагрозай уціску за ўдзел у пратэставых акцыях пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Гэтыя людзі распавядаюць пра ўласныя ўражанні – пра рэальную пагрозу чалавечым жыццям, пра беспадстаўныя і жорсткія страты ў выніку гэтай вайны, пра нязломнасць духу ўкраінскага народу, пра падтрымку і салідарнасць.
У першую чаргу аўтар відэаблогу разлічвае на ўвагу сваіх землякоў-аршанцаў.
Ягоны відэадзённік з зоны баявых дзеянняў ва Украіне размешчаны на YouTube-канале orshaeu – гэта адзін з інтэрнэт-рэсурсаў партала orsha.eu, заснавальнікам і рэдактарам якога з’яўляецца Ігар Казмярчак.
У лістападзе 2021 году доступ да сайту быў заблакаваны паводле рашэння пракуратуры. Прычыну заснавальніку не паведамілі.
Ігар Казмярчак перакананы, што рашэнне пра блакіроўку было прынятае з той самай мэтай, як і ў дачыненні да іншых незалежных вэб-рэсурсаў – каб абмежаваць распаўсюд праўдзівай інфармацыі пра жыццё ў Беларусі.
Андрэй Кот