Аўтары петыцыі ўказалі прынамсі 12 прамых спасылак і прыклалі скрыншоты з інтэрнэт-сайту «раёнкі», патрабуючы распачаць адміністрацыйны працэс паводле ч.2 арт. 19. 11 КоАП і спавясціць пра захады, што да пакарання супрацоўнікаў рэдакцыі.
Петыцыя была даслана ў Міністэрства інфармацыі РБ і ў раённы аддзел міліцыі. Адказ з апошняй інстанцыі ўжо атрыманы. Паводле высноваў начальніка Шумілінскага РАУС Уладзіміра Петухова, ніякіх парушэнняў рэдакцыя не дапусціла. Бо «артыкулы з выкарыстаннем інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, былі размешчаны яшчэ да прызнання яе такой, і размяшчаліся з мэтай інфармавання пра надвор’е, сувязі з рэдакцыяй, а таксама дзеля падвышэння іміджу Шумілінскага раёну, а не з мэтаю распаўсюду». Адміністрацыйную справу міліцыя распачынаць адмовілася, хаця апошнім часам у Беларусі праваабаронцы фіксавалі дзясяткі выпадкаў, калі людзей каралі за рэпосты з рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі», нават калі гэта было за некалькі год «да прызнання іх такімі», як сфармуляваў спадар Петухоў.
Падобная гісторыя адбылася ў лістападзе мінулага году з з дзяржаўнай газетай Чашніцкага раёну «Чырвоны прамень». З такой самай нагоды – публікацыі фотаздымка з лагатыпам знішчанага інтэрнэт-партала – была складзена петыцыя ў Міністэрства інфармацыі. У сваім адказе намеснік міністра Андрэй Кунцэвіч звярнуў увагу на тое, што «на момант разгляду згаданы фотаздымак на інтэрнэт-рэсурсе chyrvonka.by адсутнічаў». Але паведаміў, што з кіраўніцтвам рэдакцыі правялі тлумачальную гутарку пра неабходнасць прытрымлівацца заканадаўства.
Што паказальна, Шумілінская раёнка «Герой працы» таксама выдаліла матэрыялы са свайго сайта, якія былі згаданыя ў петыцыі. Падобна, гэтага дастаткова, каб застацца беспакараным.
Арына Іваноўская