Падставай для завядзення адміністрацыйнай справы стаў відэасюжэт, адзняты Змітром Лупачом 9-га снежня ў пастаўскай раённай бібліятэцы. Сюжэт тычыўся мерапрыемства, прысвечанага Дню талерантнасці.
Паводле пратаколу, складзенага капітанам міліцыі Пастаўскага РАУС Аляксандрам Кішко, Зміцер Лупач абвінавачваўся ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч.2 арт. 22.9).
Як прызнаўся Зміцер Лупач, рашэнне суду стала для яго поўнай нечаканасцю.
«Суддзя спыніла справу, бо выйшаў тэрмін яе разгляду. Я быў падрыхтаваны да штрафу, а тут такі неспадзеў. Скажу шчыра – не чакаў», – выказаўся Зміцер Лупач.
Як патлумачыў журналіст, мерапрыемства, пра якое ён зрабіў відэасюжэт, разлічвалі правесці для студэнтаў мясцовага каледжу. Аднак, у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай, у прызначаны час імпрэзу не правялі. Прайшла яна перад самым Днём правоў чалавека, якім зацікавіліся мясцовыя грамадскія актывісты – людзі, якія на ўласны досвед паспыталі ўсе прывабнасці мясцовай талерантнасці.
На імпрэзе прысутнічаў галоўны ідэолаг Пастаўскага раёну Галіна Чаплінская. Пасля выступу бібліятэкаркі, актывісты паспрабавалі распачаць дыялог, але раённы ідэолаг заявіла, што «мерапрыемства дыялогу не прадугледжвае».
Праўда, актывісты свае меркаванні ўсё ж паспрабавалі выказаць, а відэасюжэт, адзняты Змітром Лупачом, патрапіў на ютуб-канал «БЕЛСАТ LIFE» і стаў нагодай для завядзення адміністрацыйнай справы, якую сёння спынілі.
С. Горкі