Суд разбіраў гэтую справу ў два этапы: 20-га кастрычніка суддзя Ілля Белавус накіраваў дакументы на дапрацоўку ў міліцыю. Потым справу перадалі суддзі Мікалаю Атрахімовічу, які і скасаваў яе праз адсутнасць доказаў правапарушэння.
«Мяне судзілі ўжо два разы перад гэтым. Але якія б доказы не былі, суддзя рабіў выгляд, што сур’ёзна разбіраецца, але вынік быў адзін і той самы – штраф. А вось каб справу спынілі – гэта, напэўна, такая справа мая першая, калі віну не змаглі даказаць», – задаволены рашэннем суду Вячаслаў Лазараў.
Праваабаронца Павел Левінаў, які прысутнічаў на судзе, выказвае апасенні, што рашэнне суддзі могуць абскардзіць супрацоўнікі міліцыі.
«Пастанова гэтая яшчэ не ўступіла ў законную сілу, і ў органа адміністрацыйнага пераследу яшчэ ёсць час яе абскардзіць. Разам з тым, сапраўды не даказана, што Лазараў нешта недзе размяшчаў. І тое, што ён вырабляе прадукцыю ў якасці СМІ, суд палічыў абсурдным меркаваннем супрацоўнікаў органаў унутраных справаў», – сказаў праваабаронца.
Суд скасаваў справу супраць журналіста, распачатую паводле артыкула 22.9 КаАП. Аднак два дні таму Вячаслаў Лазараў быў затрыманы паводле падазрэння ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП. Ягоны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве міліцыянты даказаць не змаглі, але арыштавалі ягоную машыну – нібыта для праверкі. Але калегі мяркуюць, што такім чынам міліцыя імкнецца перашкодзіць ягонай прафесійнай дзейнасці.