1 траўня Зьміцер Р., які працуе ў адной зь лякарняў Полацкага раёну, завітаў у госьці да суседзяў — дачнікаў з Санкт-Пецярбургу. Яны паспрачаліся наконт таго, як беларускія спэцслужбы рэагуюць на паведамленьні аб тэрарыстычных пагрозах у інтэрнэце. У выніку Зьміцер правёў экспэрымэнт, разьмясьціўшы на сваёй старонцы ва "УКантакце" паведамленьне «Я ненавіджу лукашанко !!! Ён п....ас. Я рыхтаваў бомбу! будзе тэракт у Полацку. У манэжы!».
Наступнага дня ў міліцыю зьвярнулася 30-гадовая палачанка, якая заявіла аб допісу ў сацсетцы пра выбух, які рыхтуецца ў манэжы. Жанчыне скрыншот гэтага допісу чамусьці даслаў жыхар Мурманску.
Міліцыя хутка знайшла ўладальніка акаўнту і затрымала яго. Мужчыну было прад'яўленае абвінавачваньне ў заведама фальшывым паведамленьні аб небясьпецы, і ў дачыненьні да яго распачалі крымінальную справу. Пра тое, што справа цяпер перададзеная ў суд, паведаміла прэсавая сакратарка Віцебскага абласнога суду Натальля Платоненка.
Паводле: Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc