У пастанове СК сьцьвярджаецца, што “Ігар Пастноў і Рафаэль Габрыэль Саламонавіч Кірылаў-Шмільхольдхард, маючы адзіны злачынны намер на распаўсюд заведама ілжывых выдумак, якія зьневажалі іншую асобу (паклёп), пры дапамозе кампутарнай тэхнікі склалі заяву №2 ад 26.06.2017 і разаслалі яе ў розныя арганізацыі і дзяржаўныя органы”.
Паводле пастановы, аўтары заявы абвінавацілі пракурора ў зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства. А менавіта ў тым, што той, карыстаючыся службовай уладай, заступіўся за сяброўку сваёй жонкі, на якую была заведзеная крымінальная справа, а пазьней спрыяў яе незаконнаму вызваленьню ад крымінальнага перасьледу.
Заява, якая была разасланая па больш чым 20 адрасах (у тым ліку ў Amnesty International, амбасады Вялікабрытаніі, Латвіі, Чэхіі), была ў той жа дзень апублікаваная на старонках Ігара Пастнова ў сацсетках Facebook і “Вконтакте”. Таму віцяблянам інкрымінуюць злачынства па ч.2 арт. 188 КК РБ (Паклёп, які ўтрымліваецца ў інфармацыі, разьмешчанай у глябальнай сетцы Інтэрнэт).
Пост з заявай дагэтуль знаходзіцца на старонках Пастнова і Кірылава-Шмільхольдхарда.
Калі справа аб паклёпе на пракурора дойдзе да суду і суд прызнае віцяблян вінаватымі, ім, паводле ч.2 арт. 188 КК РБ, можа пагражаць да трох гадоў абмежаваньня волі.
Кірылаў-Шмільхольдхард: Яны хочуць закрыць нам раты
Як мяркуе Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард, крымінальная справа была заведзеная дзеля таго, каб закрыць раты тым, хто не баіцца казаць праўду, а “астатніх – запалохаць і трымаць у страху”.
Ён таксама паведаміў “Віцебскай вясьне”, што ў дачыненьні да яго і Пастнова прызначылі правядзеньне псыхіятрычных экспэртыз. Але падазраваныя заявілі хадайніцтва, каб экспэртызы праводзіліся ў Менску, бо да ўстановаў упраўленьня дзяржаўных судовых экспэртыз па Віцебскай вобласьці ня маюць ніякага даверу.
Кірылаў-Шмільхольдхард (раней вядомы як Аляксандар Кірылаў) заявіў таксама адвод сьледчай Руткоўскай, якая вядзе справу. Як патлумачыў, адвод быў заяўлены на той падставе, што менавіта сьледчая Руткоўская спрабавала сфабрыкаваць у дачыненьні да яго крымінальную справу па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і па арт. 366 КК (Гвалт альбо пагроза ў дачыненьні службовай асобы) у 2017 годзе. Але крымінальны перасьлед тады быў спынены “у сувязі з адсутнасьцю складу злачынства”.
Апроч таго, падазраваныя ў паклёпе на пракурора патрабуюць, каб, пакуль вядзецца сьледзтва і аж да ўступленьня прысуду ў законную сілу (калі дойдзе да суду), Юры Раманоўскі быў адхілены ад пасады пракурора гораду.
Зьміцер Міраш