Відэаролік абразьлівага зьместу пра асабістае жыцьцё і прафэсійныя якасьці незалежных журналістаў Віцебшчыны зьявіўся на YouTube 28 траўня. Відэаапэратар Уладзімер Лунёў вырашыў адрэагаваць на гэтую фальшыўку, бо палічыў факты, пададзеныя ў відэароліку, абразай гонару і годнасьці. Паводле журналіста, зьмест відэа не адпавядае рэчаіснасьці яшчэ і таму, што ён не зьяўляецца журналістам Белсату, як сьцьвярджаецца. Уладзімер зьвярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску з патрабаваньнем знайсьці асобу, якая выклала ў сеціва відэаролік і прыцягнуць яе да адказнасьці за абразу і паклёп у адпаведнасьці з артыкуламі 9.3 і 9.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Афіцыйны адказ з раённага аддзелу ўнутраных справаў журналіст атрымаў 8 чэрвеня. У адказе паведамляецца, што пасьля праведзенай праверкі была вынесеная пастанова пра спыненьне справы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Справу спынілі, таму што ў дзеяньнях нявысьветленай асобы ня выявілі складу правапарушэньня, прадугледжанага згаданымі артыкуламі КаАП.
З гэткім абгрунтаваньнем праваахоўнікаў Уладзімер Лунёў не пагадзіўся. Ён лічыць, што ролік, пабудаваны па адным сэнсавым клішэ, мае на мэце празь непрыхаваны паклёп зганьбаваць і абразіць кожнага са згаданых у ім журналістаў і грамадзкіх актывістаў. Таму 13 чэрвеня спадар Уладзімер накіраваў скаргі начальніку УУС Віцебскага аблвыканкаму палкоўніку Івану Кубракову і пракурору Віцебску Юрыю Раманоўскаму.
У скаргах Лунёў просіць разабрацца і даць ацэнку дзеяньням супрацоўнікаў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну, якія ня ўгледзелі складу правапарушэння з боку аўтараў роліка. Незалежны журналіст лічыць, што адмова міліцыянтаў парушае дзейнае заканадаўства і сьведчыць пра грэбаваньне імі сваімі прафэсійнымі абавязкамі, бо яны ухіліліся ад абароны яго правоў і законных інтарэсаў.
Акрамя таго, ён просіць высьветліць асобы грамадзянаў, датычных да стварэньня і распаўсюду відэароліка на YouTube, адкрытых віцебскіх пабліках, сацыяльнай сетцы «УКантакце» ды прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасьці.
Трэба адзначыць, што такога кшталту відэапрадукцыя, якая абражае годнасьць і гонар прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Віцебшчыны, зьяўлялася ў сеціве і раней. Аднак мінулымі разамі, як і цяпер, міліцыянты ня сталі высьвятляць асобы стваральнікаў і распаўсюднікаў зьневажальных відэа.
С. Горкі