Аўторак, 05 Чэрвень 2018

Журналістку Тацяну Смоткіну пакаралі штрафам за сацыяльны сюжэт

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Тацяна Смоткіна Тацяна Смоткіна

Судзьдзя Докшыцкага райсуду Вячаслаў Елісеенка 31 траўня прысудзіў 30 базавых велічыняў (735 рублёў) штрафу журналістцы з Глыбокага Тацяне Смоткінай. Журналістка была аштрафаваная паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП за матэрыял “Вываз сьмецьця – паслуга абавязковая”, які быў разьмешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”.

На пачатку суду Тацяна Смоткіна сказала, што беларускаму суду не давярае, бо на сабе адчула, што правасудзьдзя ў справах журналістаў-фрылянсэраў няма. Але адвод судзьдзі заяўляць ня мае намер, бо які б судзьдзя ні быў, ужо загадзя вядома, чым скончыцца суд. Сваю віну Тацяна таксама не прызнала. Пасьля гэтага журналістка адмовілася ад даваньня паказаньняў, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі: Ніхто не павінен прымушацца даваць паказаньні і тлумачэньні супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэньнем закону, ня маюць юрыдычнай сілы.

Тацяна лічыць, што суд усё адно не прыслухаўся б да яе довадаў, як гэта было раней. Нават пераканаўчыя довады іх адвакатаў, пацьверджаныя артыкуламі законаў, заставаліся па-за ўвагай судзьдзяў. Таму гэтым разам яна вырашыла зэканоміць час і не тлумачыць сваю пазыцыю.

Потым былі апытаныя сьведкі, чые выказваньні прысутнічалі ў матэрыяле “Вываз сьмецьця – паслуга абавязковая”. Начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай і прававой работы Докшыцкага РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Тацяна Галавач пацьвердзіла, што Тацяна Смоткіна тэлефанавала ёй, прадстаўлялася журналістам-фрылянсэрам  і ўдакладняла інфармацыю наконт паслугі вывазу сьмецьця і квітанцыі Аляксандра Крупскага.

У сваю чаргу другі сьведка, пэнсіянэр-інвалід Аляксандар Крупскі, сказаў, што толькі да незалежных журналістаў і можна зьвярнуцца зь якой-небудзь сацыяльнай праблемай. Дзякуючы ім, праблемы вырашаюцца. І напрыканцы зазначыў, што журналісты робяць добрую справу і іх няма за што судзіць.

Як кажа Тацяна Смоткіна, раней судзьдзі – як Глыбоцкага, так і Докшыцкага судоў – давалі ёй штрафы па 25 базавых велічыняў, цяпер “стаўкі” падняліся да 30-ці.  Незалежных журналістаў пратаколамі, судамі і штрафамі прымушаюць замаўчаць, каб у сваіх публікацыях не ўскрывалі сапраўдную рэчаіснасьць. Бо на дзяржаўных тэлевізійных каналах, сайтах і ў газэтах паўсюдная стабільнасьць і росквіт.

baj.by