Пятніца, 29 Чэрвень 2018

Віцебская пракуратура ўзнавіла справу пра абразы журналістаў па скарзе Ўладзімера Лунёва

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Уладзімер Лунёў Уладзімер Лунёў Фота: baj.by

Віцебскі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімер Лунёў здолеў дамагчыся, каб аддзел унутраных справаў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну паўторна заняўся расьсьледваньнем акалічнасьцяў зьяўленьня і распаўсюду відэароліка, у якім невядомыя абражаюць журналістаў і відэаблогерку Алену Янушкоўскую.

Відэаролік, нібыта прысьвечаны “выкрыцьцю фінансаваньня” тэлеканала “Белсат”, а насамрэч поўны асабістых зьняваг, зьявіўся ў інтэрнэце 28 траўня. У роліку згадваліся імёны журналістаў зь Віцебшчыны – Алены Шабуні, Вячаслава Лазарава, Віталя Скрыля, Зьмітра Лупача, грамадзкай актывісткі Тацяны Севярынец. 

Уладзімер Лунёў, імя якога было згаданае ў абразьлівым кантэксьце, зьвярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС. Але праз колькі дзён атрымаў адказ, што справа па ягонай заяве ўжо закрытая: маўляў, адміністрацыйную справу скасоўваюць, бо ў дзеяньнях нявысьветленай асобы ня знойдзена складу правапарушэньняў, якія падпадаюць пад артыкулы  9.3 і 9.2 КаАП.

Журналіст падаў скаргі ў гарадзкую пракуратуру і абласное ўпраўленьне міліцыі, бо ён перакананы, што відэаролік мае абражальны зьмест. А што да паклёпу, дык ён узьведзены пэрсанальна на кожнага з памянёных асобаў. Таму дзеяньні стваральнікаў і распаўсюднікаў (а найхутчэй гэта адна і тая самая асоба ці група асобаў) падпадаюць пад згаданыя вышэй артыкулы, дзе прадугледжваецца пакараньне за абразу і паклёп.

Пракуратура адрэагавала на скаргу: у лісьце за подпісам намесьніка пракурора гораду П. Дамашэўскага гаворыцца, што былі прааналізаваныя матэрыялы праверкі па справе. Пракуратура выявіла недахопы, прызнаўшы, што праверка, праведзеная ўчастковым інспэктарам, была няпоўнай.

Таму матэрыялы былі вернутыя ў райаддзел з указаньнямі, што да ўдасканаленьня працы, узнаўленьня справы і дадатковай праверкі.

Уладзімір Лунёў перакананы, што знайсьці вытворцу і распаўсюднікаў паклёпніцкага відэароліка з дапамогай сучасных кампутарных тэхналёгіяў не складае вялікай праблемы:

— У скарзе я пазначыў спасылкі на віцебскія паблікі, якія разьмясьцілі відэаролік. Адпаведна, яны распаўсюдзілі паклёпніцкія і абразьлівыя зьвесткі, у сувязі з чым адміністратары мусяць быць пакараныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам.  Таксама я даў спасылку на YouTube-канал прыватнай асобы, дзе разьмешчаны відэаролік.  Няцяжка выявіць IP-адрасы  кампутараў, зь якіх дасылалі гэты ролік, і ў рэшце рэшт спыніць цкаваньне журналістаў і грамадзкіх актывістаў, якое апошнім часам у Віцебску набірае абароты, — мяркуе Лунёў.

Спадар Лунёў кажа, што падзяліўся з участковым інспэктарам і сваімі прыватнымі меркаваньнямі пра тое, хто можа быць аўтарам і распаўсюднікам гэткай “кінапрадукцыі” – пэўныя высновы журналісту дазваляе зрабіць яго прафэсійная адукацыя відэаапэратара.  Ён лічыць, што паклёпнікаў даўно трэба спыніць, бо ў Віцебску ўжо не ўпершыню распаўсюджваюцца абразьлівыя відэаролікі пра грамадзкіх актывістаў, журналістаў і проста неабыякавых да жыцьця гораду людзей. Але міліцыя ніводнага разу не знайшла аўтараў і распаўсюднікаў.

baj.by