Яўген Куляшоў пакуль не камэнтуе здарэньне. Але на ягонай старонцы “УКантакце” апублікаваны здымак аўто і абяцаньне выкласьці відэаролік з гэтае нагоды. Ролік варта чакаць пасьля гутаркі са сьледчым, тлумачыць аўтар.
Вэрсію пра помсту за канфлікты на станцыях тэхнічнага абслугоўваньня масава выказваюць сябры Яўгена Куляшова па сацыяльных сетках і падпісчыкі двух ягоных каналаў на youtube.com: “Евгений Кулешов” і “Evgen Live”.
У лістападзе 2016 года блогер запачаткаваў праект “Як нас разводзяць на СТА”, у якім ён выкрывае парушэньні, заўважаныя ім самім або ягонымі знаёмымі, бо далучыцца да праекту ён прапанаваў усім ахвотным.
Некалькі разоў справа даходзіла да судоў: пасьля ягоных зьяўленьняў на СТА зь відэакамэрай блогера вінавацілі і ў хуліганстве, і ў публічных абразах, і ў паклёпніцтве. Яўген Куляшоў, у сваю чаргу, абураны бязьдзейнасьцю супрацоўнікаў міліцыі: на ягоную думку, яны недастаткова эфэктыўна рэагуюць на скаргі падманутых кліентаў СТА. Таму ў адным зь відэаролікаў ён наўпрост зьвярнуўся да міністра МУС, каб той паўплываў на сытуацыю…
Аўто, якое падпалілі невядомыя, Яўген Куляшоў зьбіраўся выставіць на розыгрыш сярод сваіх падпісчыкаў, калі ня здолее зарабіць 50 тысяч даляраў за прагляды сваіх відэаролікаў. Быццам бы на сярэдзіну студзеня гэтага году ён зарабіў толькі палову ад названай сумы, але да завяршэньня тэрміну спрэчкі заставалася яшчэ каля 9-ці месяцаў.