– Тэрмін “фэйкавыя навіны” зьявіўся даволі нядаўна. У 2017 годзе яго ўнёс вядомы тлумачальны слоўнік Collins Dictionary, – распавядае экспэрт.
Быкоўскі падае прыклады некалькіх апошніх фэйкаў, якія друкавалі беларускія мэдыі: фэйк пра міліцыянта зь пісталетам ў аўтобусе, фэйк пра вышук маньяка ў Менску і г. д.
Таксама Паўлюк Быкоўскі распавёў пра падборку самых гучных фэйкавых навінаў з пачатку ХХ стагодзьдзя ад DW. Адзін з фэйкаў 2014 году, напрыклад, палягае ў тым, што Ўладзімер Пуцін спачатку казаў: “У Крыме не было расейскіх вайскоўцаў”, а празь некалькі тыдняў распавёў, што там былі расейскія войскі, каб дапамагчы людзям выказаць сваё меркаваньне. Але за гэты час Крым ужо стаў часткай Расеі.
Паводле Быкоўскага, ён ужо шмат гадоў піша пра палітыку і палітыкаў, і заўважыў, што ў палітыцы нешта не дагаварыць, на нешта намякнуць, увесьці ў зман і г. д. становіцца звычкай.
Напрыклад, адзін амэрыканскі журналіст за два месяцы выбарчай кампаніі Дональда Трампа налічыў у яго 560 ілжывых выказваньняў. Хлусілі і іншыя, але яны рабілі гэта больш далікатна. Паводле словаў мэдыяэкспэрта, і Лукашэнку можна злавіць на хлусьні, але, прыкладам, у 1994 годзе на хлусьні яго было злавіць прасьцей, цяпер больш складана. Цяпер у яго прамове, хутчэй за ўсё, будуць недагаворанасьць або намёкі. То бок ён ужо даўно навучыўся казаць так, каб было складана вызначыць хлусьню.
На сустрэчы ішла размова і пра сацыяльныя сеткі, прасоўваньне ў іх сваіх матэрыялаў. Як адзначае Быкоўскі, сацыяльныя сеткі “зварочваюць” тэкст, які піша карыстальнік. Калі глядзець на кампутары, то ён паказвае толькі дзесяць радкоў, далей будзе напісана: чытай далей або глядзі далей.
Дакладна вядома, што людзі рэдка чытаюць тое, што знаходзіцца там далей. І нават калі гэты тэкст даволі цікавы, ня факт, што яго захочацца чытаць далей, бо ён абрываецца выпадковым чынам. Але можна зрабіць наўмысна інтрыгу, разьбіўшы тэкст па абзацах і радкох, каб абрыў быў там, дзе трэба. Такі пост будзе працаваць і зацікавіць чытача.
Паўлюк Быкоўскі распавёў пра тое, як прыцягваць увагу да допісаў і сваіх матэрыялаў праз ілюстрацыі і фотаздымкі. Зьвярнуў увагу на тое, як спрацоўваюць фотаздымкі ў залежнасьці ад таго, што на іх адлюстравана і як часта яны зьяўляюцца ў акаўнтах. Таксама азнаёміў прысутных зь бясплатным рэдактарам фота і малюнкаў Pablo, якім можна карыстацца, калі трэба хутка аформіць на малюнак або фота цытату.
Паводле прысутных, сустрэча была цікавай, прадуктыўнай і карыснай, бо некаторыя зь іх нават зьведалі на сабе фэйкі і тролінг.
Віктар Стукаў, кіраўнік Полацкай суполкі БАЖ, актывіст Незалежнага прафсаюзу:
– У адносінах да нас былі створаныя фэйкавыя старонкі ў сацсетках. І фэйкавы электронны адрас, зь якога распаўсюджвалася абразлівая інфармацыя. Таму нам цікавы досьвед і рэкамэндацыі, якія можна ўжыць у нашых умовах. Мы даведаліся пра магчымасьці, што можна зрабіць надалей, каб супрацьстаяць распаўсюду такой інфармацыі. Ёсьць магчымасьці зьвяртацца ня толькі ў раённы аддзел міліцыі з заявай пра абразу ў інтэрнэце, але і ў спэцыяльны аддзел “К”, які займаецца непасрэдна такімі пытаньнямі.
Гальляш Сялява, адміністратар сайту braslaw.by:
– Мне вельмі спадабалася, як Паўлюк Быкоўскі распавядаў. Адразу бачна, што гэта прафэсіянал сваёй справы. Выснова такая: трэба ставіцца крытычна абсалютна да любой інфармацыі, нават да той, якая можа падавацца табе блізкай, бо ты ведаеш добра крыніцу. Але і калегі могуць памыліцца, узяць нейкі факт не зусім правераны, ці які падаецца праўдзівым, але насамрэч гэта фэйк. Вельмі шмат нюансаў. Таму гэта цікава, гэта – ежа для роздуму.
Наступная сустрэча з мэдыяэкспэртам Паўлюком Быкоўскім адбудзецца 23 студзеня ў Полацку у межах праекту “Жывая мова”. Там таксама будуць закранутыя вышэйзгаданыя ды іншыя аспэкты працы ў сеціве.
https://vitebskspring.org/news/svaboda-slova/item/2642-u-glybokim-zhurnalisty-razvazhali-pra-fejki-i-nya-tolki-pra-ikh#sigProId76ddfe5adf
Паводле baj.by