Наваполацкі суд 25 чэрвеня пакараў каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Яўгена Вільскага адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. Але актывіста адразу не затрымалі: судзьдзя Зінаіда Балаболава дала 5 сутак, каб абскардзіць рашэньне суду. Яўген Вільскі пакуль на волі.

24 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску судзьдзя Алена Грабянчук прызнала праваабаронцу Беларускага Хэльсынскага камітэту Ірыну Трацякову вінаватай ва ўчыненьні адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага арт. 23. 34. КаАП. Праваабаронца хадайнічала, каб судовае паседжаньне прайшло безь яе.

Блогерку Алену Янушкоўскую і яе дачку Юлію Ўласенка затрымалі амапаўцы падчас «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня ў Віцебску. Алену судзілі 22 чэрвеня, калі яна яшчэ знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ), і аштрафавалі на 45 базавых велічынь. Справу Юліі Ўласенка разгледзеў суд Віцебскага раёну 24 чэрвеня.

Жыхарку Віцебску Тацяну Філімонаву судзілі два дні. 22 чэрвеня судзьдзя Алена Грабянчук накіравала дакументы на дапрацоўку ў міліцыю, а назаўтра аштрафавала дзяўчыну на 10 базавых велічынь (270 рублёў). Судзьдзя прызнала Філімонаву вінаватай у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах толькі на падставе міліцэйскіх відэаздымак, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

У панядзелак 22 чэрвеня ў розных судах Віцебску судзілі ўдзельнікаў цалкам законных масавых мерапрыемстваў, якія ладзіліся для збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва і якія трактаваліся міліцыянтамі як несанкцыянаваныя пікетаваньні. Сёньня паводле артыкулу 23.34 КаАП аштрафавалі трох віцяблян на агульную суму 2 тыс. 700 рублёў (100 базавых велічынь).