Актывіст «Народнай Грамады» Аляксандар Якушкоў 1 ліпеня меўся выйсьці на волю зь віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе адбываў 10 сутак арышту паводле пастановы суду Кастрычніцкага раёну ад 9 чэрвеня. Але ў дзень вызваленьня яго таемна асудзілі на чарговыя «суткі». На паседжаньне не пусьцілі нават жонку затрыманага.

У сераду 1 ліпеня ў Віцебску прайшлі чарговыя суды над актывістамі за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці». У судзе Першамайскага раёну за нібыта парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34) судзілі валянтэра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксея Саламаненку, актывістку БХД Тацяну Севярынец і віцябляніна Алега Паўлава. Усіх аштрафавалі на буйныя сумы.

Віцебскага актывіста і прыхільніка «Краіны для жыцьця» Алега Баразну суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34 КаАП) штрафам у памеры 45 базавых велічынь. Суд прызнаў Баразну вінаватым у тым, што 19 чэрвеня той «стаяў у ланцужку людзей, якія выказвалі пратэст».

У Віцебску, Воршы, Браславе прайшлі ў панядзелак суды над удзельнікамі «ланцугу салідарнасьці», якія адбыліся ў гэтых гарадах у апошні дзень збору подпісаў 19 чэрвеня. Агулам актывістаў асудзілі на 52 дні адміністрацыйнага арышту і штрафы.

Суд Пастаўскага раёну 25 чэрвеня разгледзеў адміністрацыйную справу жыхаркі пасёлку Варапаева Ганны Федаронак. Падставай да прыцягненьня жанчыны да адказнасьці быў пост Ганны ў тэлеграм-канале «Пастаўшчына для жыцьця», які яна разьмясьціла 8 траўня. У паведамленьні заклікала жыхароў Варапаева сабрацца ў мясцовым парку. Акурат за гэта на Ганну быў складзены пратакол паводле арт. 23.34 КаАП.